У МНС Кыргызстана абвяргаюць, што на піку Курумды знайшлі целы зніклых альпіністаў

18/08/2026 - 09:56

Альпіністы / фота з архіву Ганны Бандарэнка

У МНС Кыргызстана абвяргаюць звесткі пра знойдзеныя целы зніклых альпіністаў на піку Курумды. Раней пра гэта паведамілі члены выратавальнай групы ў сацсетках.

У ведамстве кажуць, што 16 жніўня падчас пошукавых работ быў знойдзены абутак альпіністаў, піша выданне vesti.kg. Раней былі знойдзеныя іх заплечнік, спальны мяшок ды іншыя асабістыя рэчы.

Цяпер пошукі зніклых прыпыненыя праз складаныя ўмовы і небяспеку ад раставання лёду на вяршыні. Наступны этап пошукавай аперацыі плануецца правесці пры канцы жніўня або ў верасні.

Група альпіністаў з трох чалавек знікла на пачатку жніўня пасля ўзыходжання на пік Курумды. У ёй былі два беларусы — 43-гадовы Максім Палянскі і 60-гадовы Мікалай Свірыдаў, а таксама 37-гадовы Сяргей Рубцоў з Літвы.

Пошукі зніклых альпіністаў працягваліся некалькі дзён. Іх сябар і ўдзельнік пошукава-выратавальнай групы Аляксандр Смірноў напярэдадні паведаміў, што з дапамогай дрона ў гарах, як мяркуецца, былі знойдзеныя целы зніклых альпіністаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі