У Мінску створаны аргкамітэт па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі 2021 года

27/12/2018 - 07:23

У Мінску створаны аргкамітэт па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. Яго ўзначаліў прэм'ер-міністр Сяргей Румас. У пастанове Саўміна, якую ён падпісаў і якая апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, адзначаецца, што да 1 сакавіка 2019-га мусіць быць зацверджаны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні сусветнага першынства.

У склад аргкамітэта ўвайшлі 27 чыноўнікаў. Сярод іх — міністр культуры Юрый Бондар, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, міністр адукацыі Ігар Карпенка, міністр аховы здароўя Валерый Малашка, намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас, старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Анатоль Лапо, намеснік старшыні КДБ Уладзімір Калач.

Чэмпіянат свету-2021 па хакеі пройдзе ў Беларусі і Латвіі. Гэта будзе другі хакейны чэмпіянат свету, які пройдзе ў нашай краіне. Першы раз Беларусь прымала яго ў 2014 годзе. У Латвіі чэмпіянат свету праходзіў у 2006-м.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі