У Маскве заклапочаныя, што Беларусь стала больш купляць памідораў у Турцыі

06/10/2017 - 07:20

У Маскве заклапочаныя, што Беларусь стала больш купляць памідораў у Турцыі. Паводле дадзеных Белстата, у студзені-ліпені сёлета адтуль іх прывезлі ў 3,5 разы больш, чым за ўвесь 2015 год і амаль у 12 разоў больш, чым у 2012 годзе. Адначасова павялічыліся пастаўкі таматаў з нашай краіны ў Расію — заяўлены аб’ём быў перавышаны на 2,3 тысячы тон. Рассельгаснагляд падазрае рээкспарт. З гэтай нагоды ў фармаце тэлеканферэнцыі адбыліся перамовы з дырэктарам Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Піскуном.

Як інфармуе прэс-служба расійскага ведамства, Піскун факт рээкспарту адмаўляе. Ён падрабязна распавёў расіянам, што ў нашай краіне “цяплічныя гаспадаркі вырошчваюць таматы практычна круглы год і маюць умовы для захоўвання прадукцыі”. 99% іх экспарту прыпадае на Расію. Сёлета Беларусь планавала паставіць 42,8 тысячы тон памідораў, але на 3 кастрычніка ўжо паставіла 45,6 тысячы тон. Але таматы беларускія, запэўнівае чыноўнік. Што да павелічэння паставак у Беларусь памідораў з Турцыі, то яны таннейшыя за беларускія і “карыстаюцца попытам на рынку Рэспублікі Беларусь”. Аляксандр Піскун запрасіў спецыялістаў Рассельгаснагляду прыехаць у нашу краіну і азнаёміцца з месцамі вытворчасці таматаў.

Прадстаўнікоў расійскага ведамства, відаць, такі адказ не зусім задаволіў. Яны папрасілі дадатковую інфармацыю аб сярэдняй ураджайнасці беларускіх таматаў і пра “патрэбнасць насельніцтва Беларусі ў названай прадукцыі”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі