У Марыупалі адказалі на прапанову здаць зброю — 26-я раніца вайны ва Украіне

21/03/2022 - 06:34
Пасля ракетнага абстрэлу ў Кіеве загарэўся гандлёвы цэнтр​  /@dsns_telegram

Як мінімум 4 чалавекі загінулі і яшчэ адзін пацярпеў у выніку ракетнага абстрэлу гандлёвага цэнтра ў Кіеве, паведамляе Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях Украіны.

Пажарныя змагаліся з агнём усю ноч. Гарэлі 3-й і 4-й паверхі ГЦ, а таксама аўтамабілі побач з будынкам.

Супрацоўнікі ДСНС Украіны ліквідуюць пажар у Кіеве, які паўстаў пасля ракетнага абстрэлу / @dsns_telegram

Кіраўнік Сумскай адміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі ноччу паведаміў аб уцечцы аміяку на заводзе "Сумыхімпрам". Прадпрыемства таксама патрапіла пад абстрэл. Першапачаткова паведамлялася, што радыус пагрозы складае 5 км. Праз пару гадзін яго паменшылі да 2,5 км. Пагрозы гораду не было, вецер дзьмуў у іншым накірунку. Тым не менш адзін чалавек пацярпеў — гэта супрацоўнік завода.

Улады Марыупаля адказалі на заклік расійскіх уладаў аддаць кантроль над горадам. Масква напярэдадні прапанавала украінскім вайскоўцам, якія абараняюць Марыупаль, скласці зброю і пакінуць горад. Адказ сфармуляваў у сябе ў сацсетках дарадца мэра Пётр Андрушчанка — ён напісаў, што чакаць да раніцы няма сэнсу, адказ гатовы. Коратка яго можна перафармуляваць як "не".

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў начным звароце казаў пра тое, што "ўжо 25-і суткі, як расійскія вайскоўцы шукаюць і ніяк не могуць знайсці прыдуманых імі ж "нацыстаў", ад якіх яны хацелі нібыта абараняць нашых людзей". Увесь гэта час, паводле яго слоў, расійскія вайскоўцы "шукаюць і не могуць знайсці украінцаў, якія сустрэлі б іх з кветкамі. А галоўнае расійскія вайскоўцы ніяк не знаходзяць дарогу дадому".

Брытанская выведка паведамляе, што расійскія войскі спрабуюць абыйсці Мікалаеў у кірунку Адэсы, але гэта ў іх не асабліва атрымліваецца.

"Расійскія сілы, якія надыходзяць з Крыма, усё яшчэ спрабуюць абыйсці Мікалаеў, імкнучыся рухацца на захад, у бок Адэсы. За апошні тыдзень гэтыя сілы мала прасунуліся", - цытуе паведамленне брытанскага міністэрства абароны ўкраінскае тэлебачанне "Громадське".

Тым часам Генштаб Украіны прызнаў, што расійскім уладам "часткова ўдалося дасягнуць мэты ў Данецкім аперацыйным раёне і ўтрымаць сухапутны калідор у паўднёвай частцы Херсонскай, Запарожскай і Данецкай абласцей".

На Палескім кірунку за мінулыя суткі актыўных наступальных дзеянняў не было. Расійскія падраздзяленні "замацоўваюцца на захопленых рубяжах і праводзяць падрыхтоўку да наступу на Кіеў". Перагрупоўку і засяроджванне сіл і сродкаў праціўніка бачаць ўкраінскія вайскоўцы на Северскім і на Слабажанскім кірунках.

Ва ўкраінскім Генштабе па-ранейшаму кажуць пра высокую імавернасць "правядзення правакацый спецслужбамі РФ на беларускіх аб'ектах". Гэта можа быць зроблена, каб ўцягнуць беларускую армію ў вайну супраць Украіны.

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, напісаў уначы ў Twitter, што беларускія партызаны спыняюць расійскія цягнікі і наносяць шкоду расійскай тэхніцы, каб тая не патрапіла ва Украіну.

Карта здарэнняў на чыгунцы Беларусі, якую апублікаваў у сябе ў Twitter Франак Вячорка / twitter.com/franakviacorka

На гэтым тыдні адбудзецца экстраны саміт НАТО, прысвечаны сытуацыі ва Украіне. Ён запланаваны на 24 сакавіка. А на наступны дзень, 25 сакавіка, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн наведае Польшчу. "Громадське" сцвярджае, што тут абмяркоўваць будут  і пытанне магчымага ўвядзення міратворчага кантынгенту ва Украіну.

Тым часам па ўкраінскай сітуацыі выказаўся пасол Кітая ў ЗША Цынь Ган. Ён абвяргае інфармацыю аб тым, што КНР дапамагае Расеі ў вайне з Украінай. Паводле яго слоў, суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць усіх краін, у прыватнасці Украіны, павінны паважацца. Кітай не пастаўляе зброю або боепрыпасы ні адной з бакоў — толькі прадукты, медыкаменты, спальныя мяшкі і дзіцячае харчаванне, сцвярджае кітайскі дыпламат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі