Кантрабандны шар, ілюстрацыйнае фота / VSAT
Літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ шасцярых чалавек, якіх падазраюць у кантрабандзе цыгарэт з Беларусі на паветраных шарах. Пра гэта паведамляе LRT са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Агулам ад пачатку года літоўская памежная служба затрымала 28 такіх падазраваных.
Згаданыя шэсць мужчын былі затрыманыя ў аўторак, 10 сакавіка. Таксама памежнікі перахапілі тры партыі нелегальных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі на паветраных шарах. Агульны аб'ём партыі кантрабанды склаў 13,5 тысячы пачкаў. Памежнікі арыштавалі пяць легкавых аўтамабіляў, якімі карысталіся затрыманыя.
Ад пачатку года ў Літве перахапілі 57 партый нелегальных цыгарэт, дастаўленых кантрабандыстамі з Беларусі на метэазондах (у студзені — 29, у лютым — 24, у сакавіку – 4). Летась паказчыкі былі вышэйшымі: у студзені — 63 партыі, у лютым — 45, у сакавіку – ажно 77.
Пасля таго, як у літве паставілі плот на мяжы з Беларуссю, кантрабанда па сушы стала вельмі складанай. Больш за 80% цыгарэт, якія трапілі з Беларусі ў Літву, у 2024 годзе спрабавалі даставіць па паветры з выкарыстаннем паветраных шароў ці дронаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут