У Курапатах застаецца каля 50 актывістаў — будаўнічыя працы не аднавіліся

25/02/2017 - 07:58

У лагеры абаронцаў урочышча Курапаты застаецца каля 50 чалавек. Як перадае Радыё Свабода, па стане на раніцу суботы будаўнічыя працы не аднавіліся.

Брама зялёнага плоту, што агароджвае будаўнічую пляцоўку, зачыненая. Адзін з вартаўнікоў пляцоўкі распавёў карэспандэнту Свабоды, што працы сёння хутчэй за ўсё адноўленыя не будуць, бо будаўнікоў няма.

Сярод актывістаў пануе аптымістычны настрой. Удзельнікі лагеру лічаць, што пасля учорашніх падзеяў улады ўсё ж могуць пайсці на некаторыя саступкі, бо цяпер зразумела, што грамадскасць у любым выпадку не дапусціць тут будоўлі.

Людзі нясуць абаронцам Курапатаў шмат прадуктаў. Плот ад раніцы актывісты пачалі абклейваць партрэтамі рэпрэсаваных у сталінскія часы, а таксама фатаздымкамі костак закатаваных у Курапатах, якія былі зробленыя падчас раскопак.

Каля мемарыяльнага комплексу “Курапаты”, дзе былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, таварыства з абмежаванай адказнасцю “Белрэканструкцыя” вядзе будаўніцтва офіснага цэнтра.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна “ўжо не ахоўная тэрыторыя”, а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Паводле апошняй версіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі