У Купалаўскі тэатр набіраюць актораў па аб'яве, прэм'еру адклалі

29/01/2021 - 15:02

Купалаўскі тэатр працягвае пошук і набор актораў. Адпаведная абвестка з'явілася на афіцыйным сайце тэатра. Запрашаюцца акторы розных узроставых катэгорый. Прэтэндэнтаў просяць дасылаць рэзюмэ, партфоліа і відэа на электронную пошту тэатра.

Праслухоўванні ў новую трупу тэатра пачаліся яшчэ 11 лістапада 2020 года, адзначае TUT.by. У іх прынялі ўдзел студэнты ўніверсітэта культуры, а таксама ахвочыя з Бабруйска, Гомеля, Маладзечна.

13 снежня міністр культуры Анатоль Маркевіч казаў, што ў тэатр набрана ўжо больш за 20 актораў, не называючы ніводнага імя. А для паўнавартасных спектакляў трэба было набраць 40-60 актораў.

У жніўні калектыў тэатра выступіў з патрабаваннем спыніць гвалт супраць мірных грамадзян. Пасля гэтага дырэктар тэатра Павел Латушка быў звольнены. Следам за ім сышлі ўсе рэжысёры і большая частка актораў Купалаўскага тэатра.

Цяпер у тэатры са старога складу засталіся 10 актораў. Гэта народныя артысты Беларусі Галіна Арлова, Генадзь Аўсяннікаў, Марыя Захарэвіч і Зінаіда Зубкова, заслужаныя артысты Тамара Міронава, Тамара Мікалаева-Апіёк і Уладзімір Рагаўцоў, акторы Ала Ельяшэвіч, Вольга Няфёдава і Міхаіл Світа. Дарэчы, Галіна Арлова, якой сёлета споўніцца 93 гады, даўно не выходзіць на сцэну.

Нядаўна сышоў з тэатра і далучыўся да незалежнай тэатральнай трупы "Купалаўцы" актор Ігар Сігоў.

На невядомы тэрмін адкладзеная прэм'ера спектакля "Паўлінка" — своеасаблівай "візітоўкі" тэатра. Перадпрэм'ерны паказ прайшоў у Купалаўскім тэатры 28 снежня. Міністр куьтуры казаў, што прэм'ера можа адбыцца ў першай дэкадзе студзеня 2021-га. Аднак, паводле інфармацыі TUT.by, у некаторых актораў выявілі каранавірус. Таму прэм'еру перанеслі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі