У Іркуцку на карантын зачынілі пяць медустаноў пасля смерці ад чумы

04/10/2026 - 14:23

Урачы "ужо адкрыта гавораць аб чуме" / Агентство "Москва"

У Іркуцку пасля смерці жанчыны ад чумы на карантын зачынілі гарадскія бальніцы № 1, 3 і 10, Іванa-Матрэнінскую дзіцячую бальніцу і радзільны дом, паведамляюць "Людзі Байкала". Крыніца выдання ў сферы аховы здароўя заявіла, што ўрачы "ужо адкрыта гавораць аб чуме", аднак у афіцыйных дакументах захворванне не фігуруе.

Па яго словах, "выбарачны карантын пры лёгачнай чуме не прымяняецца — абмежаванні ўводзяцца адразу для ўсіх медустаноў". Сваякі адной з рожаніц расказалі выданню, што ўрачы, спаслаўшыся на чуму, не пусцілі яе мужа ў палату, нягледзячы на кантракт на платныя партнёрскія роды.

Крыніцы "Людзей Байкала" сцвярджаюць, што з 1 кастрычніка машыны хуткай дапамогі, якія вязуць людзей, што кантактавалі з загінулай, на абследаванне, суправаджаюць наряды ФСБ. Паводле дадзеных выдання, усяго ўстанавілі 197 чалавек, 189 з іх шпіталізавалі. Губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў паведамляў 2 кастрычніка, што прыкмет захворвання ў іх не выявілі, а вынікі лабараторных даследаванняў адмоўныя.

Раніцай 3 кастрычніка адміністрацыя Байкальска заклікала жыхароў часова не ездзіць у Шалехаў і суседнія населеныя пункты, але пазней выдаліла пост.

Нагадаем, 2 кастрычніка ўлады паведамілі аб смерці ад чумы 27-гадовай супрацоўніцы Іркуцкага супрацьчумнога інстытута Дар'і Шыпілавай.

Паводле адных даных, 25 верасня яна разбіла ў лабараторыі прабірку з узбуджальнікам хваробы, паводле іншых — вярнулася з працоўнай паездкі ў Бураціі, дзе фіксаваўся ачаг чумы.

29 верасня яе шпіталізавалі ў Шалехаўскую бальніцу з сімптомамі пнеўманіі і падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Праз некалькі дзён яна памерла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі