У Гродне следчыя шукаюць кліентаў нелегальнага масажыста (фота)

06/04/2017 - 11:36

У Гродне следчыя шукаюць кліентаў нелегальнага масажыста. У адносінах 36-гадовага мужчыны, Васіля Грамовіча, распачалі крымінальную справу. Артыкул — "Незаконнае лекаванне, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека" (ч. 2 арт. 335 КК). Як паведамляла Еўрарадыё, кліенткай нелегальнага масажыста была 89-гадовая жанчына. Пасля масажу і працэдуры лячэбнай гімнастыкі яна стала сябе адчуваць нашмат горш. Праз тыдзень пенсіянерка памерла ў бальніцы. Эксперты сцвярджаюць, што ёй былі нанесеныя цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія і прывялі да смерці.

Як інфармуе афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, высветлілася, што мужчына, які нідзе не працаваў, у снежні мінулага года змяшчаў у інтэрнэце аб’явы і такім чынам шукаў кліентаў, праводзіў сеансы масажу і лячэбнай гімнастыкі. Пры гэтым ён не мае медыцынскай адукацыі і адпаведнай ліцэнзіі. Нелегальны масажыст знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Паколькі ў апошнія гады Грамовіч часова жыў у Літве, беларускія праваахоўнікі рыхтуюць запыт аб атрыманні матэрыялаў, якія характарызуюць яго асобу. Таксама ідзе пошук кліентаў мужчыны ў Беларусі.

Фота: sk.gov.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі