У ДТЗ на Арлоўскай у Мінску аўтамабілем Jaguar кіраваў бізнесмен Дзялендзік

18/12/2018 - 10:49

У дарожна-транспартным здарэнні на скрыжаванні Арлоўскай і Нававіленскай вуліц у Мінску аўтамабілем Jaguar кіраваў вядомы бізнесмен, уладальнік "Дарыды" 66-гадовы Уладзімір Дзялендзік, інфармуе сайт nn.by. Здарэнне адбылося 16 снежня. Кіроўца Jaguar рухаўся па вуліцы Нававіленскай з боку завулка Чарвякова і сутыкнуўся з аўтамабілем Volkswagen, што рухаўся з боку праспекта Пераможцаў па вуліцы Арлоўскай. У выніку Volkswagen наехаў на бардзюрны камень, перакуліўся і наехаў на святлафор. 69-гадовая пасажырка Volkswagen пазней памерла ў лякарні, кіроўца атрымаў траўмы. Кіроўца Jaguar не пацярпеў, а яго машына аднаўленню не падлягае.

Крымінальная справа распачатая па артыкуле "парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека". Бізнесмен праходзіць па ёй як падазраваны.

"Машына пайшла наперадзе, і я пайшоў за ёй следам, — распавядае Дзялендзік. — Машына рухалася з хуткасцю, можа, кіламетраў 20, больш не набраў. І тут удар, машыны развярнула. Усё, больш нічога не ведаю... Цяпер мая мэта — гэта дапамагчы сям’і пацярпелай, каб усё было па-людску [ён паабяцаў дачцэ загінулай, што купіць новую машыну і дапаможа арганізаваць пахаванне]. Такая мая задача, перад Богам найперш. Ад адказнасці я не сыходжу. Вінаваты, значыць вінаваты. Самае дарагое — гэта чалавечае жыццё, а не метал…".

Бізнесмен кажа, што не ведае, ці вінаваты ён ці не. "Хай разбіраюцца органы. Я з сябе адказнасці не здымаю... У любым выпадку я павінен быў зрабіць усё, каб чалавека не забіць", — адзначыў у каментары nn.by Уладзімір Дзялендзік.

Фота: Следчы камітэт

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі