У Беларусі затрымалі бізнесоўца, якога ў РФ шукалі за пастаўкі кепскай тушонкі для войска

10/08/2026 - 09:14

Расійская тушонка / ria.ru

У Беларусі супрацоўнікі КДБ затрымалі бізнесоўца Дзмітрыя Мiзгiра, які быў абвешчаны ў расійскі вышук. Мужчыну затрымалі, калі ён паспрабаваў выехаць праз Беларусь за мяжу.

Адсачылі Мізгіра па тэлефонных перамовах і вулічных відэакамерах. Пасля затрымання яго перадалі Расіі.

Бізнесоўца вінавацяць у махлярстве ў асабліва буйным памеры ў складзе групы. Яго лічаць ключавым сувязным у схеме паставак 170 тон няякасных мясных кансерваў расійскаму войску, якое ваюе супраць Украіны. Агульную шкоду ацанілі ў 700 мільёнаў расійскіх рублёў (8,6 млн долараў).

У кансервах замест мяса былі абрэзкі свіных тушаў, шпік і забароненыя харчовыя дабаўкі. Следства мяркуе, што Мізгір выконваў ролю пасярэдніка паміж вытворцамі і Мінабароны РФ. Праз яго перадаваўся хабар (па 5 расійскіх рублёў з кожнай банкі тушонкі, агулам каля 120 тысяч долараў).

Таксама па гэтай справе шукаюць гендырэктара мясакамбіната і тэхнолага. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі