У Беларусі вырашылі забараніць фатаграфаваць міліцыянтаў. Да чаго гэта прывядзе?

06/11/2018 - 07:52
Фота: www.blenda.by

Канстытуцыйны суд Беларусі ўхваліў  прапанову калегіі адвакатаў і грамадскага савета пры МУС пра “забарону фатаграфаваць на вуліцы".

Цяпер Саўмін, у адпаведнасці з даручэннем КС, павінен распрацаваць праўкі ў Грамадзянскі кодэкс, якія забароняць фатаграфаваць супрацоўнікаў міліцыі і ўнутраных войск, а таксама звычайных грамадзян без іх згоды. Робіцца ўсё гэта, нібыта каб засцерагчы чалавека ад "умяшальніцтва ў яго прыватнае жыццё", а таксама каб пазбегнуць "парушэння права на асабістую таямніцу".

Аб тым, якія на самой справе магчымы матывы звароту ў Канстытуцыйны суд, разважаем з юрыстам Тамарай Сідарэнка.

— Наколькі гэтая норма правільная або няправільная? На ваш погляд, ці не накіраваная гэтая норма перш за ўсё на абарону правоў супрацоўнікаў праваахоўных органаў — міліцыянтаў, ДАІшнікаў і гэтак далей, каб яны не траплялі ў кадр?

— Я з вамі цалкам згодная. Ва ўсякім выпадку тое, што прапаноўваецца, — гэта сур'ёзныя папраўкі, якія мяркуюць і змяненне Канстытуцыі (хоць законам не дадзена права змяняць палажэнні Канстытуцыі), і самога Закона аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі. І сапраўды, у першую чаргу гэта карт-бланш супрацоўнікам міліцыі.

Зараз мы сутыкаемся з такімі палажэннямі, калі супрацоўнікі міліцыі прымушаюць асоб, якія знаходзіліся ў грамадскім месцы і здымалі афіцыйныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, выдаляць фатаграфіі з тэлефонаў. Аднак права здымаць міліцыянтаў зараз дадзена дакументамі: пачынаючы ад Канстытуцыі і заканчваючы Законам аб інфармацыі. Дадзенымі прававымі актамі даецца доступ да інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў. Калі будзе іншы закон, то вельмі складана сказаць, што адбудзецца. Ва ўсялякім разе, гэта наступ на правы грамадзян, адназначна.

Ужо цяпер мы бачым, наколькі важная здыманне як дзейнасці афіцыйных органаў міліцыі, так і дзяржаўных арганізацый. Ўспомніце Грузію, дзе, у прамым сэнсе слова, зрабілі празрыстымі кабінеты міліцыі ў будынку МУС. Гэта барацьба супраць карупцыі, супраць парушэння іншых правоў грамадзян. Калі ў нас забароняць фатаграфаваць, то мы апынемся, па сутнасці, безабароннымі перад парушэннямі.

— Якія нормы Канстытуцыі могуць парушыць гэтыя папраўкі, калі яны будуць прынятыя?

— Я б назвала артыкул 34-ы, які гарантуе грамадзянам права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным, мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя. Гэта значыць, яна дае права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў. Супрацоўнікі МУС, дзяржаўныя служачыя, міністэрства, калі гэта не тычыцца нейкіх сакрэтаў, зыходзячы з іх штодзённага жыцця, павінны разумець, што грамадзяне могуць кантраляваць і фіксаваць іх дзеянні. Перш за ўсё, таму, што гэта Асноўны закон дае нам права. Што да дзяржаўных сакрэтаў, то гэта ўсё прапісана ў законах, і тут не ідзе гаворка пра звычайную міліцэйскую дзейнасць, супрацоўнікаў ДАІ ці пра звычайнага дзяржслужачага.

— Акрамя закона аб СМІ ёсць і іншыя заканадаўчыя акты, якія рэгулююць дзейнасць праваахоўных органаў і якія даюць людзям права здымаць міліцыянтаў...

— Цалкам правільна. Нават калі гэтае права прама не прапісана, то забароны здымаць супрацоўнікаў дзяржорганаў — таго ж МУС — няма ні ў якім заканадаўчым акце, які тычыцца МУС. З артыкула 34-га Канстытуцыі вырастаюць іншыя заканадаўчыя акты, і ні адзін з іх не забараняе здымаць супрацоўнікаў дзяржаўных органаў. У судзе, напрыклад, ёсць абмежаванне: здымка толькі з дазволу суддзі. Але аўдыёзапіс можна весці без абмежаванняў. Любыя іншыя законы выдадзены на аснове Канстытуцыі і не могуць пагаршаць цяперашняе становішча, якое гарантавана Канстытуцыяй. Таму, калі і будуць прымаць змены ў закон аб СМІ або ў закон аб інфармацыі, — артыкул 34-ы павінен быць перад вачыма ў заканадаўцаў.

— Наколькі я разумею, гаворка ідзе пра тое, што здымка на вуліцы людзей, у тым ліку міліцыянтаў, парушае іх права на прыватнае жыццё і гэтак далей. Таму прапануецца ўнесці змены ў Грамадзянскі кодэкс. Ці можна такім чынам абыйсці ўнясенне змен у закон аб СМІ, закон аб дзейнасці праваахоўных органаў і, тым больш, папраўкі ў Канстытуцыю?

— Д'ябал крыецца ў дэталях, як той казаў. Можна, вядома, хітра прапісаць у нейкі закон і падвесці пад таямніцу асабістага жыцця. Але юрыстаў і дасведчаных людзей падмануць складана будзе. Яны будуць паказваць на сур'ёзную памылку. Справа ў тым, што гэта не таямніца асабістага жыцця, калі гаворка ідзе пра дзейнасць міліцыі як органа ў перыяд работы міліцыянтаў. І калі людзі выходзяць на нейкія грамадскія мерапрыемствы — гэта таксама ўжо не асабістае жыццё. Чалавек разумее, што ён выходзіць на ўсеагульны агляд. З іншага боку, калі ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі зразумела, што здымаць іх можна ў перыяд іх дзейнасці, то наконт фізічных асоб ёсць дапушчэнне, што трэба пытаць іх згоды. Але пытацца згоды — гэта не безумоўнае правіла. Калі вярнуцца да таго, з чаго я пачала, то, калі чалавек выходзіць на нейкія акцыі, яго дзейнасць ужо не з'яўляецца прыватным жыццём. Пытанне прыватнага жыцця ў Грамадзянскім кодэксе ўрэгулявана, і якія-небудзь змены ў гэтай частцы павінны быць узважаныя.

— Ну і апошняе. Выкажам дапушчэнне, усе гэтыя змены пра забарону на здымку ўнесеныя. Адбываецца нейкая акцыя. Дапусцім, 25 сакавіка. Мы там бачым кучу хлопцаў у цывільным, якія здымаюць усіх запар. Іх дзейнасць у такім выпадку будзе таксама супрацьзаконная?

— Будзе вельмі цікава, як гэта будуць падаваць органы міліцыі. Калі яны будуць прызнаваць гэтых людзей сваімі супрацоўнікамі, то размова будзе ісці аб прымяненні закона аб аператыўна-вышуковай дзейнасці, закона аб міліцыі. А калі не, то чыста фармальна можна падысці і сказаць, што вам таксама забаронена здымаць, таварышы, таму што вы не маеце ніякіх апазнавальных знакаў і мы адносім вас да грамадзянскіх асоб.

Ну, вядома, будзе яшчэ вялікая блытаніна, яшчэ больш будзе пытанняў узнікаць у частцы правоў грамадзян і доказаў парушэння гэтых правоў. Не сакрэт, што зараз супрацоўнікі міліцыі, асабліва супрацоўнікі ДАІ, калі яны разумеюць, што іх здымаюць ці што відэарэгістратар працуе, паводзяць сябе значна спакайней, больш прыстойна, больш нармальна (і не толькі супрацоўнікі ДАІ, але і самі грамадзяне). Тады адбываецца цывілізаваная размова: парушана ці не парушана права, кім, якім чынам і гэтак далей. І ўсё гэта празрыста і лёгка вырашаць па законе.

Наогул, само ўзняцце гэтай тэмы — гэта досыць трывожны званочак. У нашым грамадстве, у любым грамадстве зараз ідзе вялікі тэхнічны прарыў. І відэаназіранне працуе, бо ніхто нас не пытаецца, здымаць нас на відэакамеру ці не ў банках, крамах і ўсюды. У мэтах бяспекі, абароны гонару і годнасці грамадзян, можа, гэта і апраўдана. Тым не менш, вызначыць гэтую мяжу — паміж бяспекай і правамі грамадзян — заўсёды складана. І калі пойдзе перакос у бок абмежавання правоў грамадзян і павелічэння правоў дзяржорганаў, то нам будзе ўсім дрэнна. Таму што ў нас пры парушэнні правоў грамадзян (напрыклад, пры затрыманні) даказваць гэта чамусьці павінен грамадзянін, які і так абмежаваны ў правах.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі