У Мінскім гарадскім судзе завяршаецца працэс над забойцамі маладой пары на вуліцы Алібегава.
Двум мужчынам, абвінавачаным у забойстве, пракурор запрасіў смяротнае пакаранне, перадае БЕЛТА. Аліне Шульганавай, якую абвінавацілі ў арганізацыі прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, і падрыхтоўцы да выкрадання чалавека, пракурор запрасіў 15 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Кандыдаты на смяротнае пакаранне — Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко. Яны былі выканаўцамі злачынства на вуліцы Алібегава, дзе загінула маладая пара. Таксама іх вінавацяць у забойстве чалавека ў Калодзішчах (Мінскі раён): там Сухарко быў выканаўцам злачынства, а Жыльнікаў — памагатым.
Пацярпелымі па справе прызнаныя 5 чалавек, якія выступілі на судзе. Чацвёра з іх падтрымалі патрабаванне смяротнай кары падсудным, адзін пацярпелы выказаўся за пажыццёвае зняволенне.
Прысуд па справе будзе агучаны 6 сакавіка.
Забойства маладой пары на вуліцы Алібегава адбылося ў снежні 2015 года. 27-гадовая мінчанка мінчанка Аліна Шульганава хацела вярнуць сабе мужчыну, які сышоў да іншай. Яна наняла чалавека для выкрадання саперніцы. Аднак у мужчыны, які пагадзіўся ёй дапамагчы, не атрымалася скрасці саперніцу.
Тады Шульганава папрасіла дапамогі ў свайго 44-гадовага суседа і яго 23-гадовага таварыша. Яна заплаціла ім, каб збілі дзяўчыну. Аднак нанятыя мужчыны забілі і разлучніцу, і ветранага каханка. Пасля гэтага яны абакралі кватэру і ўцяклі. Знайсці і затрымаць замоўцу злачынства і выканаўцаў праваахоўнікі здолелі на працягу сутак.
Падчас расследавання забойства на вуліцы Алібегава следчыя выявілі, што затрыманыя мужчыны ўчынілі яшчэ адно забойства за некалькі дзён да таго. Яны напалі ў Мінскім раёне на 59-гадовага мужчыну і забілі яго за актыўны супраціў.