У Беларусі абмяркоўваюць змены ў закон аб абароце лекаў. Што варта ведаць

14/03/2026 - 11:46

"Белыя халаты" падсвяцілі балючыя пункты прапанаваных змяненняў / pixabay.com

У Беларусі 16 сакавіка завершыцца публічнае абмеркаванне праекта закона "Аб змяненні законаў па пытаннях фармацэўтычнай дзейнасці", у тым ліку прапануюцца змены ў Закон "Аб абароце лекавых сродкаў".

"Белыя халаты" звяртаюць увагу, што гэта не гісторыя "для спецыялістаў", змены ў закон закрануць усіх беларусаў. Гаворка ідзе пра правілы, паводле якіх лекі рэгіструюцца, трапляюць на рынак, прадаюцца, кантралююцца і пры неабходнасці здымаюцца з абарачэння.

Арганізацыя медыкаў вывучыла праект і адзначыла некалькі важных для людзей момантаў.

Як у дакуменце разумеецца даступнасць лекаў? У праекце яна названа адным з прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі. Але, на думку "Белых халатаў", пакуль ствараецца ўражанне, што даступнасць тут разумеецца як правільная рэгістрацыя, допуск на рынак і наяўнасць прэпарата ў сістэме рэгулявання.

Для пацыента даступнасць — гэта куды больш простае і балючае пытанне: ці можна рэальна атрымаць патрэбныя лекі тады, калі яны патрэбныя. Ці ёсць яны ў аптэцы, у бальніцы, у рэгіёне.

Незразумела, хто менавіта адказвае за тое, каб дэфіцыт лекаў не ўзнікаў. У праекце пералічаныя органы рэгулявання, падрабязна апісаныя функцыі Міністэрства аховы здароўя: рэгістрацыя, ліцэнзаванне, кантроль, інспектаванне, фармаканагляд.

Не пазначана, хто абавязаны забяспечыць наяўнасць усяго неабходнага, збіраць сігналы пра недахоп і загадзя рэагаваць, калі жыццёва важны прэпарат пачынае знікаць, а таксама забяспечваць з’яўленне новых сучасных лекаў. А калі за гэта адказвае "дзяржава ўвогуле", то, на думку "Белых халатаў", у рэальнасці не адказвае ніхто.

Трэці момант датычыцца пабочных рэакцый. У праекце гаворыцца, што падставай для прыпынення прымянення прэпарата, у тым ліку, можа стаць інфармацыя ад арганізацый аховы здароўя пра сур’ёзныя непажаданыя рэакцыі. Але пацыент як прамы крыніца такога сігналу ў тэксце адсутнічае. У выніку атрымліваецца, што даныя пра пабочныя эфекты сістэмна амаль не збіраюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі