Першых пацыентаў, якія захварэлі на трыхінелёз, выпісалі з лякарні ў Баранавічах. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў намеснік галоўнага лекара Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі Анатоль Спірыда.
Па яго словах, у чацвер былі выпісаныя чацвёра дарослых, у пятніцу — яшчэ сямёра. "Яны прайшлі поўны курс лячэння і выпісаныя пад назіранне спецыялістаў паліклінікі", — падкрэсліў спецыяліст.
У лякарні застаюцца яшчэ 16 дарослых і шасцёра дзяцей. Іх стан ацэньваецца як лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці. Ніхто з пацыентаў не мае ўскладненняў, яны праходзяць прафілактычнае лячэнне.
Як паведамляла Еўрарадыё, ахвярамі ўспышкі трыхінелёзу ў Баранавіцкім раёне сталі больш за 30 чалавек. Усе яны елі кілбасы з забітага дзіка. Мяса забітага дзіка не было адпраўленае на ветэрынарнае абследаванне.
Першыя хворыя на трыхінелёз паступілі ў Баранавіцкі гарадскі шпіталь 26 кастрычніка. Паведамляецца, што ўсе пацыенты з'яўляюцца сябрамі ці сваякамі. Самаму малодшаму пацярпеламу споўнілася два гады, самаму старэйшаму — 60.
Лекары адзначаюць, што захварэць на трыхінелёз можна толькі з'еўшы мяса заражанай жывёлы. Ад чалавека чалавеку хвароба не перадаецца.