У Бабруйску на час допыту памочніка машыніста затрымалі пасажырскі цягнік

19/01/2024 - 16:14

Міліцыянеры затрымалі пасажырскі цягнік / t.me/belzhd_live/

У Бабруйску на час допыту памочніка машыніста затрымалі пасажырскі цягнік "Гомель — Мінск". Пра гэтае здарэнне, якое адбылося 14 студзеня, паведаміла "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".

Усё пачалося з таго, што лакаматыўная брыгада атрымала па радыёсувязі ад дзяжурнага па станцыі Бабруйск паведамленне: спрацавала прылада, якая сочыць за габарытамі цягніка. У такім выпадку трэба спыніць цягнік і яго агледзець. Калі ж нічога не выяўляецца, то можна ехаць далей. У зімовы час прылада нярэдка спрацоўвае без асаблівых прычын. Паколькі станцыя ўжо была недалёка, лакаматыўная брыгада вырашыла не спыняць цягнік, а агледзець яго па прыбыцці ў Бабруйск.

Раскладам прадугледжаны двуххвілінны прыпынак на станцыі ў гэтым горадзе. І калі памочнік машыніста Мікалаеў стаў аглядаць цягнік, з двух бакоў да яго падышлі міліцыянеры. Яны запатрабавалі тлумачэнняў, хто ён такі і чым займаецца. Аповед чыгуначніка іх не задаволіў, і яго забралі ў лінейны пункт міліцыі, які знаходзіцца побач з будынкам вакзала.

Праверка "дыверсанта" працягвалася паўгадзіны. Асоба Мікалаева пацвердзіліся і яго адпусцілі, цягнік змог рухацца далей па маршруце. На канцавую станцыю ён спазніўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі