У Аўстраліі ўдалося знайсці згубленую маленечкую радыеактыўную капсулу

01/02/2023 - 12:50
Падчас пошуку капсулы / Reuters

У Аўстраліі ўдалося знайсці згубленую маленечкую радыеактыўную капсулу. Мясцовыя ўлады заявілі, што выратавальныя службы "знайшлі іголку ў стозе сена", піша "Бі-Бі-Сі".

Здарэнне адбылося ў штаце Заходняя Аўстралія. Капсула з радыеактыўным цэзіем-137 была часткай датчыка для вымярэння шчыльнасці жалезнай руды. Яна ўяўляе сабой металічны цыліндр дыяметрам 6 міліметраў і таўшчынёй 8 міліметраў. Падчас перавозкі ў грузавіку датчык зламаўся, а капсула ўпала на шашу. Заўважылі ж гэта толькі праз тыдзень — 25 студзеня, калі і пачаліся пошукі. Ратавальнікам трэба было праверыць шашу і яе абочыны даўжынёй 1300 кіламетраў.

Улады папярэджвалі мясцовых жыхароў пра небяспечную капсулу і неабходнасць не падыходзіць да яе бліжэй за пяць метраў. У выніку яе знайшлі ў двух метрах ад дарогі. Радыяцыю зафіксаваў аўтамабіль з спецыяльнай апаратурай. Тэрыторыю адразу ж ачапілі. Капсулу ў спецыяльным кантэйнеры адправяць у горад Перт, куды яе першапачаткова і везлі з рудніка.

DFES

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі