TUT.by не будзе адпраўляць сваіх журналістаў працаваць на масавых акцыях

30/09/2020 - 12:30

Партал TUT.by перастане адпраўляць сваіх журналістаў працаваць на масавых акцыях. Пра гэта галоўная рэдактарка партала Марына Золатава паведаміла на прэс-канферэнцыі 30 верасня. 

Такое рашэнне было прынятае пасля таго, як Мінінфармацыі на тры месяцы прыпыніла статус TUT.by як сродка масавай інфармацыі.

TUT.by атрымаў статус СМІ толькі ў студзені 2019 года — да таго часу ён 18 гадоў працаваў як інтэрнэт-сайт. Як патлумачыла Золатава, статус яны атрымалі для таго, каб атрымаць лягчэйшы доступ у дзяржорганы і магчымаць "нармальна працаваць на акцыях пратэсту".

Але нават афіцыйны статус, як выявілася, не абараняе журналістаў, адзначыла Золатава. Яна нагадала пра затрыманні і суды над журналістамі TUT.by, "Комсомольской правды", БелаПАНа ды іншых зарэгістраваных СМІ. 

Цяперашнія дзеянні Мініфармацыі супраць TUT.by Золатава параўнала з тым, як замежных журналістаў у Беларусі пазбаўляюць акрэдытацыі. 

"Самая вялікая пагроза ў тым, што нашы журналісты цяпер не змогуць выходзіць "у поле" і спакойна працаваць на акцыях пратэсту. Гэта значыць, яны могуць успрымацца людзьмі ў аліўкавай форме і балаклавах як удзельнікі акцыі пратэсту. Адпаведна — суды, суткі і гэтак далей. Мы не будзем рызыкаваць у гэтай сітуацыі і адпраўляць журналістаў "у поле" без якога-небудзь статусу. Уласна, на гэта і было разлічана рашэнне аб прыпыненні", — прызнаецца яна.

TUT.BY будзе абскарджваць пастанову Мінінфармацыі аб прыпыненні выпуску сеткавага выдання, а таксама абараняць свае правы ў судзе 8 кастрычніка.

Дарэчы, на сёння TUT.by мае чатыры папярэджанні ад Мінінфармацыі. Гэта дазваляе чыноўнікам у любы момант заблакаваць інтэрнэт-рэсурс. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі