Трое з чатырох брытанскіх дзяцей гуляюць на свежым паветры менш, чым зняволеныя

28/03/2016 - 13:37

Трое з чатырох брытанскіх дзяцей бавяць менш часу на свежым паветры, чым вязьні турмаў, піша Daily Mail. Такія вынікі апублікавала ў сваёй справаздачы кампанія Play in Balance. Зняволеным Вялікабрытаніі рэкамендуюць праводзіць на прагулцы не меней за гадзіну штодзень. А 74% дзяцей у каралеўстве праводзяць на адкрытым паветры менш за гадзіну, 18% — увогуле ніколі не гуляюць на вуліцы, сведчаць вынікі даследвання.

Акрамя таго, даследчыкі кажуць, што цяперашнія падлеткі не здольнае прыдумляць сабе гульні. На думку іх бацькоў, цяпер дзеці проста не маюць тых магчымасцяў, якія былі ў іх саміх у дзяцінстве. А вось вынікі справаздачы сведчаць зусім пра іншае — цяпер большасць дзяцей не цікавіць нічога акрамя камп’ютара.

Шмат татаў і мам прызналіся, што іх дзеці сапраўды адмаўляюцца гуляць, калі гульня не прадугледжвае выкарыстання якога-небудзь віду сучасных тэхналогій. Трое з чатырох бацькоў кажуць, што іх дзеці аддаюць перавагу спартовым гульням на экранах, чым у рэальнасці.

У выніку вялікая колькасць дзяцей мае зусім кепскія веды аб прыродзе. Больш за палову не змаглі паказаць сярод дрэў дуб, а амаль дзве траціны не ведаюць, як выглядае крокус, хоць ён расце ледзь не на кожнай градцы.

Даследванне ахапіла 12 тысяч бацькоў, у тым ліку 2 тысячы з Вялікабрытаніі.

Гульні на вуліцы паступова ператвараюцца ў гісторыю. Фота: ftk-center.ru

Псіхолаг дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Ждановічы” Эльвіра Марцінкевіч кажа, што падобная сітуацыя ўласцівая і для Беларусі. Хоць маштаб яе дакладна невядомы.

“Нашыя дзеці гэтак жа, як і ў іншых краінах больш часу праводзяць за планшэтам, за камп’ютарам у сацыяльных сетках або ў гульнях, чым на свежым паветры”.

Псіхолаг падкрэслівае, што сам інтэрнет і камп’ютар не з’яўляецца ні благам, ні дабром. Яны дазваляюць моладзі быць больш адукаванымі, інфармаванымі, больш тэхнічна прасунутымі. Але, калі праводзіць за дэвайсамі надзвычай шмат часу, гэта можа выклікаць дрэнныя наступствы.

“Калі казаць пра негатыўныя наступствы — гэта камунікатыўныя цяжкасці, цяжкасці эмацыйнай сферы. Калі доўга праводзіць час за маніторам, гэта выклікае эмацыйную напружанасць, пачуццё гневу”, — дадае Эльвіра Марцінкевіч.

Па яе словах, у гульнях дзеці прызвычайваюцца хутка атрымліваць вынікі. Таксама камп’ютарныя гульні можна перагуляць некалькі разоў. У жыцці часта гэта немагчыма. І калі мы дзе-небудзь церпім няўдачу, трэба не адчайвацца, умець пачаць нанова, паўстаць і ісці наперад, і вось менавіта гэтую здольнасць дзеці і падлеткі не набываюць. Таксама, у дзяцей з камп’ютарнымі залежнасцямі часцей здараюцца праявы трывогі, неспакою і адчаю.

У дзяцей з камп’ютарнымі залежнасцямі часцей здараюцца праявы трывогі, неспакою і адчаю. Фота: paidagogos.com

Каб пазбегнуць такіх праблем, спецыяліст раіць да 4-5 гадоў увогуле не даваць дзецям у рукі электроныя дэвайсы і камп’ютар. А пасля, жорстка абмяжоўваць час карыстання — не больш за паўгадзіны на дзень. Акрамя гэтага, трэба пастаянна падтрымліваць рэальныя адносіны:

“Важна падтрымліваць сямейныя традыцыі, каб рэальныя стасункі не замяняліся віртуальнымі. Вельмі важна, каб у сям’і было гэтае ўзаемадзеянне і гэтыя стасункі”.

У больш старэйшым узросце неабходна таксама падтрымліваць эмацыйны кантакт з дзіцём, арганізоўваць агульны адпачынак. Часта бацькі сваімі паводзінамі, самі падаюць прыклад дзецям. Пра гэта заўжды варта памятаць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі