Трэнера "Шахцёра" звольнілі пасля пройгрышу камандзе з Люксембурга

23/07/2021 - 08:40
Раман Грыгарчук / www.fcshakhter.by

Раман Грыгарчук пакідае пасаду галоўнага трэнера салігорскага "Шахцёра" і пакідае клуб. Рашэнне аб гэтым было прынятае пасля ўчорашняга няўдалага матча.

"Шахцёр" прайграў камандзе "Фола" з Люксембурга. Матч праходзіў у межах другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый.

Гэта мусіў быў быць хатні матч, але праз абмежаванні беларускія клубы вымушаныя праводзіць хатнія матчы на нейтральных палях. Гэты гулялі ў Венгрыі. Гульня скончылася з лікам 2:1 на карысць "Фолы". 

"Пасля матчу з "Фолай" адбылася сустрэча галоўнага трэнера з кіраўніцтвам клуба. На ёй бакі прыйшлі да агульнага рашэння аб спыненні супрацоўніцтва",гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце "Шахцёра".

Там таксама паведамляецца, што клуб "дзякуе Раману Іосіфавічу і яго асістэнтам за працу і жадае поспехаў у далейшай кар'еры". Хто стане новым настаўнікам, будзе абвешчана найбліжэйшым часам.

Грыгарчук узначаліў салігорскую каманду ў мінулым верасні, змяніўшы на гэтай пасадзе Юрыя Вернідуба. Да гэтага Грыгарчук даволі паспяхова працаваў у казахстанскай "Астане" — перад сваім сыходам з клуба прывёў "Астану" да перамогі ў чэмпіянаце і Суперкубку Казахстана, а таксама вывеў у групавы раўнд Лігі Еўропы.

Матчы ў адказ другога адборачнага тура Лігі канферэнцый пройдуць 29 ліпеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі