Топ-5: навіны 22 сакавіка

22/03/2017 - 17:57

Па “справе баевікоў” затрымалі ўжо 11 чалавек

 

Па “справе баевікоў” затрымалі мінімум 11 чалавек. Неафіцыйны спіс затрыманых апублікавала на сваёй старонцы актывістка Наста Дашкевіч.

Затрыманні адбыліся адразу пасля таго, як у аўторак Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сілавікі арыштавалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыі са зброяй.

Так, у Бабруйску затрымалі адразу пяцярых сябраў спартовага клуба "Патрыёт". Сярод затрыманых апынуліся баец спецназа і ратавальнік з МНС. Таксама за краты патрапілі былыя актывісты “Белага легіёну”.

Фота: Еўрарадыё

У Мінску затрымалі аднаго з лідараў «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміла яго жонка Наста.

Па яе словах, невядомыя затрымалі Дашкевіча разам з яго калегам Арцёмам Леўчанкам, калі хлопцы ставілі кухню ў гісторыка Уладзіміра Арлова. Яны замовілі ежу з дастаўкай, але замест піццы ўварваліся міліцыянты ў цывільным, якія і затрымалі маладых людзей.

Акрамя таго, праваахоўнікі арыштавалі Сяргея Пальчэўскага, які знаходзіўся ў машыне Дашкевічаў.

Дзень Волі ў Мінску. Фота Еўрарадыё.

Мінгарвыканкам зноў адмяніў сустрэчу з заяўнікамі акцыі на Дзень Волі. Гэта ўжо другая адмова з пачатку тыдня.

Па словах, аднаго з арганізатараў шэсця Дзяніса Садоўскага, сталічныя чыноўнікі прапанавалі заяўнікам акцыі сустрэцца 24 сакавіка. То бок усяго за дзень да Дня волі.

Фота: БЕЛТА

25 сакавіка ў Курапатах адбудзецца суботнік. Пра гэта паведаміў старшыня афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

Па яго словах, афіцыйныя прафсаюзы заклікаюць усіх неабыякавых грамадзян і арганізацыі незалежна ад палітычных прыхільнасцяў прыняць удзел у гэтай добрай справе. Ён дадаў, што ўжо ідуць заяўкі на ўдзел ад грамадзян і арганізацый.

Фота: stejka.com

У Адэсу прыбыў танкер з іранскай нафтай для Беларусі. Пра гэта 22 сакавіка паведаміў намеснік генеральнага дырэктара "Беларускай нафтавай кампаніі" Сяргей Грыб.

Па яго словах, танкер прывёз 80 тысяч тон нафты і ўжо разгружаны. Першая партыя чорнага золата мусіць паступіць на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод на працягу гэтага тыдня.

Слухаць цалкам:

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі