Топ-5 навінаў дня

17/01/2017 - 17:47

Трактары ці танкі: чаго больш Беларусь прадала ў Судан

17 студзеня Аляксандр Лукашэнка завяршыў свой афіцыйны візіт у Судан. Кіраўнік Беларусі абмеркаваў з уладамі гэтай афрыканскай краіны пастаўкі лекаў, здабычу карысных выкапняў і супрацоўніцтва ў сферы IT.

Аднак вядома, што Беларусь і Судан звязвае яшчэ і шматгадовы гандаль зброяй. За апошнія 20 гадоў, па розных дадзеных, наша краіна прадала Хартуму мінімум 69 танкаў, 27 баявых самалётаў, а яшчэ некалькі сотняў іншай ваеннай зброі.

Фота: ria.com

У Беларусь з Расіі спрабавалі ўвезці буйную партыю аналага іркуцкага "Баярышніка". Супрацоўнікі фінансавай міліцыі і ДАІ спынілі грузавік, у якім знайшлі 28 тысяч літраў вадкасці, якая ўтрымлівае метанол з перавышэннем дапушчальнай нормы больш чым у 500 разоў.  Эксперты пацвердзілі, што гэтая вадкасць вельмі небяспечная для здароўя.

Еўрарадыё звярнулася ў Следчы камітэт па Віцебскай вобласці з просьбай пракаментаваць сітуацыю з затрыманнем буйной партыі “Баярышніка”, ад якога ў расійскім Іркуцку загінулі 76 чалавек. Аднак апынулася, што ў фуры быў не ён, а шклоамывальнік.

Фота: БЕЛТА

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі раскрылі падрабязнасці будаўніцтва ў нашай краіне цэнтраў размяшчэння мігрантаў. Вядома, што на гэтыя мэты Еўрасаюз выдзяляе 7 млн еўра.

У такіх цэнтрах будуць змяшчаць замежнікаў-незаконных мігрантаў, затрыманых у Беларусі. А вось сірыйскія ці іншыя ўцекачы, якія не патрапілі ў ЕС, у беларускіх цэнтрах утрымлівацца не будуць.

Таксама ведамства інфармуе, што грошы Еўрасаюза прызначаюцца для добраахвотнага вяртання замежнікаў з Беларусі ў дзяржавы, грамадзянамі якіх яны з'яўляюцца.

Журналісты тэлеканала Белсат знайшлі пад Мінскам загадкавую будоўлю ці то санаторыя, ці то рэзідэнцыі высокай службовай асобы. Дакладна высветліць, што на самой справе хаваецца за высокім плотам з відэакамерамі, у іх так і не атрымалася.

Але беларускі інтэрнэт ужо каторы дзень бурна абмяркоўвае незвычайнае будаўніцтва. Большасць карыстальнікаў перакананая, што гэта чарговая, сямнаццатая па ліку, рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Адным з галоўных аргументаў гэтай версіі з’яўляецца тое, што будуецца яна з дапамогай афшорнай кампаніі з Кіпра. Еўрарадыё праводзіць сваё ўласнае расследаванне.

Фота: vesti.ru

Расійскія памежнікі не прапусцілі польскіх дыпламатаў з тэрыторыі Беларусі. Палякі хацелі праехаць па трасе Мінск-Масква праз Смаленскую вобласць. Аднак расіяне адправілі іх назад і рэкамендавалі перасячы мяжу ў суседніх рэгіёнах. Напрыклад, у Бранскай вобласці ці ўвогуле на мяжы Латвіі і Расіі.

Слухаць цалкам:

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі