Таемная бландзінка ў камандзе Трампа і стаўкі на Polymarket. Амерыканскі веснік

23/08/2026 - 12:04

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп / Al Drago / POOL / EPA

Некаторыя падзеі ў ЗША могуць непасрэдна ўплываць на жыццё беларусаў — як, напрыклад, візіты спецпасланніка Джона Коўла. Але апасродкавана на нас уплывае амаль уся амерыканская палітыка.

Гэта як афтэршокі землятрусу — мы не ў эпіцэнтры, але эфект напэўна адчуем. Таму Еўрарадыё вырашыла расказаць вам пра тое, што адбывалася ў іншым паўшар’і, пакуль мы спалі.

 

Трамп наладжвае адносіны з Паўночнай Карэяй. Зноў

Падчас свайго першага тэрміну прэзідэнт ЗША Дональд Трамп планаваў спыніць ядзерную праграму Паўночнай Карэі. Яна пачала непакоіць Вашынгтон яшчэ да таго, як там занепакоіліся праз ядзерную праграму Ірана, — у 1994 годзе амерыканская адміністрацыя нават абмяркоўвала магчымасць ваеннага ўдару па паўночнакарэйскім аб’екце ў Ёнбёне.

Але Трамп вырашыў задобрыць Пхеньян. З’ездзіў для гэтага ў Сінгапур, пагутарыў з Кім Чэн Ынам, а тагачасны дзяржсакратар Майк Пампеа прывёз паўночнакарэйскаму лідару дыск Элтанa Джона з песняй “Rocket Man”. Проста напярэдадні сяброўскай сустрэчы Трамп абзываўся з высокіх трыбун і называў Кіма “маленькім ракетным чалавекам”, а падарункавы дыск мусіў згладзіць уражанне.

У той год Трамп паляцеў з усходняга паўшар’я задаволены сабой і Кімам — прынамсі, публічна ён дэманстраваў задавальненне ад паездкі. Увогуле за першы тэрмін два лідары правялі тры асабістыя сустрэчы — але Кім не проста не спыніў ядзерную праграму, а паскорыў яе. The New York Times піша, што на сённяшні дзень у Кіма можа быць каля 60 ядзерных боегаловак, а таксама ракеты, верагодна, здольныя дасягнуць берагоў ЗША.

І вось у нядзелю ўвечары Трамп пачаў нахвальваць Кім Чэн Ына ў сацсетках. І нават аддаў публічны загад міністру абароны Піту Хегсету зменшыць удзел ЗША ў штогадовых ваенных вучэннях з Паўднёвай Карэяй. Верагодна, Трамп зноў збіраецца наведаць Пхеньян. А яшчэ ён можа быць пакрыўджаны на Паўднёвую Карэю, якая адмовілася дапамагчы яму справіцца з Іранам.

Скрыншот з публікацыі Трампа ў Truth Social

Па гэтых фота ў сацсетках здаецца, што Трамп з цеплынёй успамінае тыя сустрэчы, але ў гісторыю яны ўвайшлі як дыпламатычны правал. Другі саміт наогул скончыўся зрывам перамоў, а сам Трамп прыйшоў на яго дрэнна падрыхтаваным. Пра гэта пазней казаў яго дарадца па нацыянальнай бяспецы Джон Р. Болтан.

Ёсць асцярогі, што і патэнцыйны новы саміт можа стаць правальным. Бо незразумела, ці трэба ўвогуле Кіму наладжваць адносіны з ЗША, калі ў яго і так хапае спраў: захоўваць ядзерны арсенал, адпраўляць войскі ва Украіну для падтрымкі Расіі і працягваць пагражаць Паўднёвай Карэі.

Але Трамп лічыць, што Кім Чэн Ын заўсёды ставіўся да яго з вялікай павагай. А яшчэ яму здаецца, што ў іх з Кімам ёсць паразуменне. Але гэта не першы дыктатар, пра якога Трамп так кажа.

 

Стаўкі на выбары

Буйная пляцоўка для ставак Polymarket дазваляе рабіць стаўкі літаральна на ўсё запар. Напрыклад, проста цяпер папулярнай тэмай для ставак стала магчымасць сутыкнення Расіі і НАТА. Усяго ўдзельнікі ўжо паставілі на розныя варыянты 6 мільёнаў долараў.

У 2024 годзе часопіс Fortune паведаміў, што на вынік прэзідэнцкіх выбараў у ЗША было зроблена ставак на суму 3,2 мільярда долараў. Адзін французскі карыстальнік Polymarket выйграў 80 мільёнаў долараў, прадказаўшы перамогу Дональда Трампа.

І вось гэтай восенню ў Штатах пройдуць прамежкавыя выбары — гэта калі абіраюць членаў Палаты прадстаўнікоў і частку сенатараў. І выбарчыя камісіі ўжо рыхтуюцца да таго, што рынкі прагнозаў і ставак пасеюць хаос, піша Wired.

Камісія акругі Дэлавэр ужо нават унесла папраўкі ў тэкст прысягі, якую прымаюць людзі, што працуюць на выбарчых участках. Цяпер пад прысягай яны абяцаюць, што ніяк не звязаны з рынкамі прагнозаў і ставак і не заключаюць пары на вынік галасавання.

Дональд Трамп и Натали Харп / "Белый дом"

Таму што спачатку СМІ звярнулі ўвагу на тое, як Трамп вылятаў з Турцыі гэтым летам. Амерыканскі прэзідэнт баіцца за сваё жыццё, таму з Турцыі ён вылятаў на самалёце ВПС, а не на ўласным — так параіла Сакрэтная служба. Правярнулі літаральна фокус: Трамп падняўся па трапе ў свой самалёт, памахаў рукой — а потым яго ў машыне для загрузкі бартавога харчавання перавезлі да маленькага самалёта ВПС.

Вось у гэтай машыне для бартавога харчавання разам з ім было ўсяго некалькі чалавек, і сярод іх — Наталі Харп. Як быццам гэтага мала, дык яшчэ і сенатар-дэмакрат Джон Осаф згадаў Харп, калі абрынуўся з крытыкай на Трампа:

“Ён не хоча выконваць сваю працу. Ён хоча пабудаваць сваю бальную залу і падарожнічаць з Наталі на лятучым палацы, падораным эмірам Катара”.

Усё гэта выклікала хвалю абурэння ў атачэнні Трампа. Многія заступіліся за Наталі, а Осафа абвінавацілі ў сексізме.

Але гэта стала нагодай прыгледзецца да самой Харп. The New York Times пагутарыла з шасцю людзьмі, якія яе ведаюць. Высвятляецца, што Харп расказвае Трампу пра тое, што знаходзіць у сацсетках. Яе называюць “жывым прынтарам”, бо яна ходзіць за Трампам з партатыўным прынтарам, каб адразу ж раздрукаваць яму ўсю інфармацыю. А яшчэ яна выпраменьвае пазітыў і заўсёды гатовая падбадзёрыць Трампа ў цяжкія часы. І яна верыць, што ён перамог на выбарах 2020 года.

Трамп лічыць, што ўсе астатнія яго супрацоўнікі сыдуць зарабляць грошы, а Харп ніколі яго не кіне. Сама ж Харп лічыць, што Трамп выратаваў ёй жыццё. Яна распавядала, што пакутавала на рак касцей і што менавіта закон, падпісаны Трампам у 2018 годзе, даў ёй доступ да эксперыментальных метадаў лячэння. Яна расказала пра гэты выпадак на тэлеканале Fox News у 2019 годзе і прыцягнула ўвагу прэзідэнта. Ён запрасіў яе выступіць на Рэспубліканскім нацыянальным з’ездзе ў 2020 годзе. Наступныя два гады яна была вядучай на ультраправым тэлеканале One America News Network. У 2022 годзе Харп нарэшце далучылася да яго каманды.

Зарплата Харп — 150 тысяч долараў.

 

Home sweet home

І вось яшчэ адна навіна з ЗША: прынц Гары і Меган Маркл адтуль з’язджаюць! “Што ж здарылася з іхняй «амерыканскай марай»?” — іранічна азагалоўлівае свой матэрыял ВВС.

Герцаг і герцагіня Сасэкскія ў 2020 годзе перасталі выконваць свае каралеўскія абавязкі і з’ехалі з Брытаніі ў Каліфорнію. Меган дала інтэрв’ю Опры Уінфры, Гары выпусціў мемуары, былі яшчэ праект на Netflix і падкаст на Spotify.

Прынц Гары и Меган Маркл / vogue.com

Пара пасялілася ў Мантэсіта — элітным раёне, размешчаным за некалькі гадзін язды на поўнач ад Лос-Анджэлеса, па суседстве з Опрай Уінфры і Гвінет Пэлтроў. Былы прынц казаў, што Амерыка дала яго сям’і пэўную ступень прыватнасці і свабоды, якой, як ён мяркуе, у іх не было б у Брытаніі.

“Яны карысталіся такім попытам, што іх імёны адразу траплялі ў прэсу і прыцягвалі да сябе ўвагу”, — кажа Стэйсі Джонс, генеральная дырэктарка маркетынгавага і PR-агенцтва Hollywood Branded.

Але прыцягнуць першыя інвестыцыі аказалася прасцей, чым утрымаць іх. Да іх ад’езду Галівуд паставіўся даволі абыякава. Але справа неабавязкова ў тым, што з Гары і Меган нешта не так, піша ВВС. Проста сам Галівуд перажывае неверагодна цяжкія часы, і сітуацыя там вельмі нестабільная.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі