Сяргей Далідовіч: Пакуль не ведаю, што зраблю з алімпійскім медалём

10/11/2017 - 16:30

Праз тры гады пасля Алімпіяды ў Сочы беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч атрымае бронзавы медаль. У лыжным марафоне ён прыйшоў да фініша пятым, а на трэці радок у пратаколе падняўся, дзякуючы дыскваліфікацыі двух расійскіх спартоўцаў.

Па словах Далідовіча, прызавых за гэты медаль (а гэта $50 тысяч) ён не атрымае. Што будзе рабіць з узнагародай, Сяргей пакуль і сам не ведае: "Зараз гэта ўсё віртуальна, пакуль медаля няма, дык што казаць пра яго. Вось калі ўручаць, тады і буду думаць".

Зараз Сяргей Далідовіч знаходзіцца ў Фінляндыі, дзе бегае на стартах ад Міжнароднай лыжнай федэрацыі: "Гэты і наступны збор я праводжу як спарынг-партнёр Юрыя Астапенкі, у якога Алімпійская стыпендыя. Тут я знаходжуся за грошы МАК".

Пры гэтым Сяргей дагэтуль нават не ў нацыянальнай камандзе. Па словах лыжніка, савет трэнераў прагаласаваў супраць яго вяртання ў яе: "Большасць трэнераў, чатыры з сямі, прагаласавалі супраць", — тлумачыць абставіны Далідовіч.

Нядаўна намеснік міністра спорту Аляксандр Барауля распавёў, што Сяргею Далідовічу аказваецца ўся магчымая дапамога, у тым ліку забеспячэнне інвентаром і экіпіроўкай.

"Я атрымліваю сваю пенсію. Акрамя яе, Федэрацыя мне даплачвае, як і ўсім астатнім спартсменам у камандзе, пэўную суму. У мяне гэта 420 рублёў у месяц. Федэрацыя дапамагае мне ўсім, чым можа" — распавядае Далідовіч.

Якое месца Далідовіч плануе заняць на Алімпіядзе ў Пхёнчхане, спартсмен вырашыў не казаць: "Я не здаваў ніякіх канкрэтных планаў. Трэба яшчэ туды патрапіць, адабрацца, гэта вельмі складана. Я лічу, што, калі патраплю ў 15 лепшых, гэта будзе поспехам".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі