Сяргей Ціханоўскі заступіўся за актывістку, якая пагражае журналістцы Андрэевай

10/11/2026 - 13:41

Кацярына Андрэева, Сяргей Ціханоўскі (у цэнтры), Алеся Пархоменка / euroradio.fm

Самаабвешчаная прадстаўніца Беларусі на Кіпры Алеся Пархоменка выступіла з пагрозамі ў адрас былой палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай. Яна запатрабавала вярнуць грошы, якія нібыта накіроўваюцца на дапамогу Андрэевай. У адваротным выпадку Пархоменка пагражае “апублікаваць чэкі, і праз яе [Андрэеву] пацярпяць іншыя людзі”.

Падпісчык Еўрарадыё пераслаў нам сваю камунікацыю на гэтую тэму з былым палітвязнем, блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які цяпер актыўна падтрымлівае Пархоменка. Галасавыя паведамленні Ціханоўскага ёсць у распараджэнні рэдакцыі. Іх праверылі на прыкметы мантажу або генерацыі з дапамогай ШІ праз некалькі сэрвісаў — усе пацвердзілі сапраўднасць голасу.

“Яна [Пархоменка] што, проста так на Андрэеву накідваецца? Ці Андрэева кажа: а ці нельга прыцягнуць да крымінальнай адказнасці тую ж Пархоменка за яе словы ў допісах [гаворка ідзе пра каментар журналісткі пад допісам пра тое, што пасля даносу групы блогераў, у тым ліку Пархоменка, у Беларусі пасадзілі беларуску. — Еўрарадыё], нейкія выказванні.

Пагроза Пархоменкі на адрас Андрэевай — за каментарый з пытаннем пра прыцягненне да адказнасці за публічныя даносы

Ціханоўскі кажа, што яны [група блогераў] “джаляць словам”, і дадае, што цяпер ён робіць тое самае.

“То-бок праз артыкулы «Жоўтай Нівы» людзі сядзяць у турмах [гэта не адпавядае рэчаіснасці. — Еўрарадыё]. Я гэта кажу і прашу, кажу, што яны даюць увогуле ілжывую інфармацыю, яны нават генералаў НАТА абылгалі за апошні час. І гэта нікога не хвалюе. Гэта асабістая справа Ціханоўскага”, — кажа блогер і зноў прыгадвае “Нашай Ніве” слова “размах” у публікацыі пра святкаванне ягонага дня нараджэння.

Далей Ціханоўскі апраўдвае данос на Крысціну Васіну (Труцько), пасля якога яе затрымалі ў Беларусі.

“Кажуць [Пархоменка, Пляшкова і Пятрухін. — Еўрарадыё]: глядзі, дзяўчына паехала ў Беларусь. Працавала ў Офісе [гэта не адпавядае рэчаіснасці. — Еўрарадыё] і гэтак далей. Нават свае ролікі з канала не выдаліла.

Губазікаўцы ўсё гэта выявілі. Далі ёй тэрмін. І што? І што? Гэта хто яе пасадзіў?

<…> Калі чалавек можа працаваць у Офісе, публікаваць заяву супраць Лукашэнкі, потым прыехаць у Беларусь, казаць, які ён добры [гэта не адпавядае рэчаіснасці. — Еўрарадыё], і ў яго ўсё нармальна, курачак кормяць. У чым увогуле праблема? Можа, спачатку трэба бервяно заўважыць перад саломінкай, там?”

Даносы на Крысціну Васіну

Некалькі блогераў, у першую чаргу Ксенія Пляшкова, звярнулі ўвагу на тое, што Васіна, якая раней рабіла праект з палітычнымі раскладамі таро, вярнулася ў Беларусь. Сама Васіна пра гэта не казала — яна публікавала ў сваіх асабістых сацсетках відэа з вёскі.

Пасля гэтага група блогераў пачала распаўсюджваць ілжывую інфармацыю пра тое, што Васіна нібыта працавала ў Офісе Ціханоўскай, а цяпер “бесперашкодна прыехала ў Беларусь”. У публічных спрэчках блогеры падкрэслівалі, што Васіну “чамусьці не пасадзілі”.

"Аказваецца, Ксюшыны публічныя даносы не працуюць?" Як выявілася, працуюць

У адной з публікацый у сацсетках Пляшкова нават пазначала твітэр-акаўнт ГУБАЗіКа.

У выніку Васіну затрымалі. Ёй прысудзілі паўтара года “хіміі” з накіраваннем паводле артыкула “Абраза прэзідэнта”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі