Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская абвясціла антываенную мабілізацыю.
Яна адзначыла, што Беларусь была ўцягнутая ў вайну. "Супрацьстаянне вайне ва Украіне і барацьба за дэмакратыю — гэта цяпер дзве мэты аднаго вялікага руху", — заявіла Ціханоўская.
Дзеянні беларусаў, па яе словах, за бліжэйшы тыдзень павінныя прывесці да двух вынікаў:
1. Беларусаў перастаюць успрымаць як агрэсараў.
2. Беларускія вайскоўцы адмаўляюцца ўдзельнічаць у вайне ці адразу пераходзяць на бок украінцаў.
Яна абазначыла пяць напрамкаў працы.
Першы — інфармацыйны: "Распаўсюджваць праўду і змагацца з прапагандай, каб перашкаджаць інфармацыйнай вайне, якую вядуць дыктатары".
Другі напрамак — праца з салдацкімі маці, "каб перашкодзіць адпраўцы іх сыноў, братоў і мужоў ваяваць супраць украінцаў".
Трэці — перашкода рэжыму ў вайне: "Выказваць непадпарадкаванне, рыхтаваць страйк, выводзіць з ладу тэхніку і запавольваць яе працу. Паралізаваць працу дзяржаўнай інфраструктуры, не шкодзячы здароўю і жыццям людзей".
Чацвёрты — эканамічны супраціў. Ціханоўская заклікае забіраць банкаўскія ўклады, каб пазбавіць рэжым грошай.
Пяты напрамак — "фармаваць беларускі корпус з добраахвотнікаў, якія гатовыя абараняць ўкраінскія гарады, быць медыкамі або лагістамі на баку Украіны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут