Суд Маладзечанскага раёна не задаволіў іск бацькі загінулай школьніцы

12/12/2016 - 09:51

Суд Маладзечанскага раёна не задаволіў іск бацькі Вікторыі Папчэні, загінулай на ўборцы бульбы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Андрэй Стрыжак, інспектар незалежнага прафсаюза РЭП, які прадстаўляе ў судзе інтарэсы Алега Папчэні — бацькі дзяўчынкі.

Алег Папчэня падаў грамадзянскі іск да СВК "Усход-Агра". Ён прасіў усталяваць факт працоўных адносін паміж яго дачкой і арганізацыяй. У гэтым выпадку Дэпартамент дзяржінспекцыі па працы быў бы абавязаны правесці спецрасследаванне трагедыі як няшчаснага выпадку на вытворчасці.

Падчас судовага разгляду выявілася, што спецрасследаванне гэтага здарэння можа правесці і аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкама. Калі суд запытаў, чыёй дапамогай хацеў бы скарыстацца Алег Папчэня, ён сказаў, што для яго не мае розніцы: "Не ведаю, у каго якія паўнамоцтвы і хто як праводзіць праверку. Хацелася б, каб і Дэпартамент інспекцыі працы, і аддзел адукацыі праводзілі расследаванне. Будзе добра параўнаць вынікі", — цытуе бацьку TUT.by.

Дарэчы, упраўленне адукацыі па Мінскай вобласці праводзіла ўжо ўласную службовую праверку інцыдэнту. Праверка прыйшла да высновы, што паміж школьніцай і калгасам былі працоўныя адносіны. Аддзелу адукацыі ў Маладзечне рэкамендавалі звярнуцца па расследаванне няшчаснага выпадку ў інспекцыю па працы.

Нагадаем, васьмікласніца маладзечанскай школы №11 Вікторыя Папчэня загінула 29 верасня падчас уборкі бульбы. Крымінальная справа пачатая на кіроўцу грузавіка, а таксама на двух педагогаў, якія суправаджалі школьнікаў. Паколькі дзяўчынцы было толькі 13 гадоў, то дэпартамент па працы не хацеў прызнаваць наяўнасць працоўных адносінаў паміж Вікторыяй і СВК "Усход-Агра".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі