Стала вядома, у якой фірме працуе касмічная турыстка Марына Васілеўская

18/02/2025 - 09:08

Марына Васілеўская / "Настаўніцкая газета"

Стала вядома, дзе працуе Марына Васілеўская — беларуска, якая лятала ў космас.

Цяпер Васілеўскай 34 гады. У сакавіку 2024-га пасля васьмімесячнай падрыхтоўкі яна лятала на міжнародную касмічную станцыю, дзе прабыла 12 сутак. Дзяржпрапаганда назвала яе "першым касманаўтам суверэннай Беларусі", а Лукашэнка ўзнагародзіў званнем Героя Беларусі. Аднак журналісты высветлілі, што ў дакументах "Раскосмасу" Васілеўская праходзіла не як касманаўтка, а як касмічная турыстка.

Пасля палёту Васілеўская нярэдка з'яўляецца на афіцыйных мерапрымствах. Яна часта выступае ад імя Беларускага фонду міру. Але ёсць у яе яшчэ адно месца працы. Гэта высветлілі журналісты "Зеркала" з дапамогай "Кіберпартызанаў"

Да Фонду міру жанчына далучылася ў жніўні 2024-га. Афіцыйна яе пасада называецца так: намеснік старшыні праўлення па гуманітарным супрацоўніцтве і грамадскай дзейнасці Беларускага фонду міру.

У тым жа жніўні яна стала працаваць у ТАА "Экапрампанель". Гэта кампанія, якая займаецца вытворчасцю дахавых і сценавых сэндвіч-панэляў. Яе асноўныя ўласнікі — прадпрымальнікі Дзмітрый Падабед і Сяргей Занкевіч, звязаныя яшчэ і з кампаніяй "Ізамат-Буд".

Дырэктара "Экапрампанелі" завуць гэтак жа сама, як і кіраўніка Фонду міру — Максім Уладзіміравіч Місько.

Але на гэтым сувязі камерцыйнай кампаніі і грамадскай арганізацыі не заканчваюцца. Напрыклад, адзін з саўладальнікаў "Экапрампанелі" Дзмітрый Падабед у кастрычніку 2024-га прысутнічаў на сустрэчы Фонду міру з калектывам Ашмянскай цэнтральнай раённай бальніцы. яго пры гэтым назвалі актывістам грамадскай арганізацыі. На гэтай жа сустрэчы былі і Максім Місько, і Марына Васілеўская.

Кіраўнік Беларускага Фонду міру Максім Місько (на пярэднім плане злева), прадстаўніца фонду Марына Васілеўская (на заднім плане злева), саўладальнік "Экапрампанелі" Дзмітрый Падабед (на заднім плане справа) у Ашмянах у кастрычніку 2024 года / osh.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі