СМІ: У Мінску другі раз за год знізілі норму грамадскага транспарту

19/10/2017 - 06:36

Другі раз за год мінскія ўлады зменшылі норму па забеспячэнні гараджан грамадскім транспартам. Цяпер адзін аўтобус (трамвай, тралейбус, вагон метро) прыпадае на дзве тысячы чалавек — як у выходныя дні, так і ў будні. Пра гэта піша tut.by са спасылкай на рашэнне Мінгарвыканкама, апублікаванае на Нацыянальным прававым партале.

Яшчэ ў 2003 годзе Мінгарвыканкам прыняў рашэнне "Аб устанаўленні пераліку дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва горада Мінска". У гэтым дакуменце былі прапісаныя нормы неабходнага забеспячэння гараджан ў розных сферах — ад ЖКГ да грамадскага харчавання.

Згадваецца там і грамадскі транспарт. Спярша норма складала адзін аўтобус (тралейбус) на лініі на 1,5 тысячы чалавек. У лістападзе 2016 года гэтую норму знізілі — 1,55 тысячы чалавек у будні і 2 тысячы ў выходныя.

Цяпер жа гарадское кіраўніцтва зраўняла нарматыў транспарту ў будні і выходныя. У выніку сем дзён у тыдзень на дзве тысячы мінчукоў павінен прыпадаць адзін аўтобус (трамвай, тралейбус, вагон метро).

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі