СМІ: ПВК Вагнера агітуе піцерскіх зэкаў ехаць ваяваць на Данбас

04/07/2022 - 20:20

Прыватная вайсковая кампанія Вагнера прапаноўвае зняволеным двух пецярбургскіх калоній "дабравольна" ехаць на Данбас, каб "дапамагаць выяўляць нацыстаў". Пра гэта пішуць "Важные истории", спасылаючыся на сваякоў асуджаных з папраўчых калоній "Ябланеўка" і "Обухава". 

Сваякі сцвярджаюць, што зняволеным, якія пагодзяцца на прапанову, абяцаюць заплаціць 200 тысяч рублёў за паўгода "службы" і амністыю, калі тыя вярнуцца жывымі. Сем'і загінулых атрымаюць па пяць мільёнаў рублёў.

Па словах аднаго з суразмоўцаў, адмысловыя "правяраючыя" заклікаюць зняволеных "абараняць Радзіму", а старшыны атрадаў праводзяць агітацыйную працу. На Данбас зняволеныя дабяруцца ў суправаджэнні канвоя, пасля чаго ім трэба будзе "ісці ў авангардзе, дапамагаць выяўляць нацыстаў", якія "вельмі добра падрыхтаваныя", таму "вярнуцца далёка не ўсе".

Крыніца "Важных историй" таксама распавяла, што яе знаёмы з калоніі ў Ніжнім Ноўгарадзе сам выйшаў на сувязь з "вагнераўцамі" і выказаў жаданне ваяваць. Яму адказалі, каб чакаў іх у калоніі цягам месяца.

Выданне таксама высветліла, што "вярбоўшчыкаў" бачылі ў іншых калоніях. Сваяк зняволенага з калоніі "Обухава" дадаў, што "дабраахвотнікам" прапануюць выправіцца на Данбас без паштартоў і жэтонаў. Пры чым, для вярбоўкі адбіраюць толькі тых, хто служыў у войску ці каму засталося "сядзець" нядоўга.

"Версіі, навошта іх адпраўляюць, розныя: адны сваякі сказалі, што іх блізкага запрашалі служыць; іншыя — што аднаўляць інфраструктуру. Па маёй інфармацыі, першую групу "добраахвотнікаў" з "Обухава" ўжо рыхтуюць да адпраўкі", — распавёў суразмоўца выдання.

Іншым зняволеным кажуць прама, што яны паедуць ваяваць. 4 ліпеня сваякі зняволеных у "Ябланеўцы" спрабавалі патрапіць на прыём да начальніка калоніі, каб высветліць сітуацыю. Ад сустрэчы палкоўнік Аляксандр Рулеў адмовіўся, а па тэлефоне сказаў, што пра вярбоўку чуе ўпершыню.

ПВК Вагнера называюць прыватнай арміяй Пуціна. Пра фарміраванне беларусы даведаліся летам 2020-га года, калі падчас прэзідэнсткай гонкі КДБ і АМАП затрымалі 33 чалавекі. Як сцвярджала прапаганда, гэта былі баевікі Вагнера. Нібыта 200 чалавек прыехалі ў Беларусь "для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі". Яны праходзілі па адной справе з Ціханоўскім і Статкевічам. Расія настойвала, што мужчыны ехалі праз Беларусь транзітам, а канцавым пунктам з'яўлялася "адна з краін Лацінскага рэгіёну".

14 жніўня Мінск зняў усе абвінавачванні з затрыманых і перадаў іх Расіі. Пуцін следам заявіў, што расіян "выкарыстоўвалі нацёмна", выманіўшы ў Беларусь, а за аперацыяй стаялі украінскія і амерыканскія спецслужбы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі