СМІ: Масква прапануе на пасаду пасла Расіі ў Беларусі Міхаіла Бабіча

13/07/2018 - 07:19

Як і чакалася, Масква прапануе на пасаду пасла Расіі ў Беларусі 49-гадовага Міхаіла Бабіча. Расійскія ўлады запыталі ў Мінска агрэман (папярэднюю згоду) на яго прызначэнне, былі дасланыя адпаведныя дакументы, інфармуе РБК, якое спасылаецца на свае крыніцы. Бабіч — былы дэсантнік і спецслужбіст, кіраваў чачэнскім прарасійскім урадам падчас вайны ў гэтым рэгіёне. Два гады таму яго збіраліся адправіць паслом ва Украіну, але Кіеў яго кандыдатуру не ўзгадніў (некаторыя эксперты называлі яго "прафесійным дыверсантам"). Апошнія сем гадоў Міхаіл Бабіч з'яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком прэзідэнта Расіі ў Прыволжскай федэральнай акрузе.

Па звестках РБК, на наступным тыдні расійскія дэпутаты і сенатары абмяркуюць пераход Бабіча на дыпламатычную працу. Адзначаецца, што "апаратна ўплывовага чалавека" накіроўваюць "на стратэгічна важны напрамак".

Крыху раней кандыдатам на пасаду расійскага пасла ў Беларусі неафіцыйна называўся Уладзіслаў Суркоў, але гэтая інфармацыя не пацвердзілася. Пасол Расіі Аляксандр Сурыкаў працуе ў нашай краіне з 2006-га. У жніўні яму споўніцца 78 гадоў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі