Смарт-гадзіннікі пасярод савецкіх станкоў: як сёння жыве “Луч”

22/12/2018 - 07:00

Яшчэ ў 2006-м годзе мінскі гадзіннікавы завод “Луч” быў банкротам, але сітуацыя пачала выпраўляцца з прыходам швейцарскага інвестара ў 2010-м. Пад кіраўніцтвам Franck Muller International B.V. завод аднавіў вытворчасць і цяпер вырабляе больш за 150 тысяч гадзіннікаў у год, колькасць мадэляў дасягае 1700. Ужо ў наступным годзе мусяць з’явіцца смарт-гадзіннікі айчыннай вытворчасці. Журналіст Еўрарадыё прайшоўся па цэхах і паглядзеў, дзе і як вырабляюць знакамітыя беларускія гадзіннікі і якая будучыня чакае прадпрыемства.

Будаўніцтва завода было распачатае ў 1953-м годзе, а ўжо праз два гады з’явіўся першы гадзіннік, выраблены ў Мінске — “Вымпел”. Пасля быў наладжаны выраб і іншых мадэляў, а інжынеры актыўна распрацоўвалі новыя механізмы, якія проста на прадпрыемстве і вырабляліся. Цяпер, дарэчы, большасць механізмаў ў гадзінніках — уласная вытворчасць. І толькі ў дарагіх мадэлях прымяняюцца японскія дэталі.

Так выглядае першая мадэль гадзінніка, выпушчаная на заводзе "Луч"

Як распавядае кіраўніцтва “Луча”, ў цэхах прадпрыемства робіцца ўсё — ад маленькіх “валаскоў” да карпусоў, механізмаў гадзіннікаў і шкла. Сапраўды, калі прайсці па заводзе, то можна ўбачыць досыць разнастайнае абсталяванне і лініі.

На заводзе не пакідае адчуванне, што вярнуўся назад у Савецкі Саюз

Здзіўляе тое, што ў  некаторых калідорах ці цэхах усё дагэтуль выглядае так, нібыта з моманту адкрыцця завода амаль нічога не змянілася — старыя савецкія ці замежныя станкі. Часам у калідорах не пакідае адчуванне, што вярнуўся назад у Савецкі Саюз — рамонты былі толькі касметычнымі.

Наконт старога абсталявання на вытворчасці кіраўніцтва патлумачыла, што большасць станкоў выраблялася па адной штуцы, а тэхналогія зборкі не змянілася яшчэ з савецкіх часоў. Для лепшай якасці кожны гадзіннік збіраецца ўручную і праходзіць абавязковы кантроль на ўсіх стадыях. Шмат якія станкі наладжаныя на выраб дэталяў, якія прымяняюцца аднойчы. Напрыклад, адмысловыя насадкі на прэс для вырабу лімітаваных гадзіннікаў.

Дэталі для швейцарскіх гадзіннікаў і будзільнікі для IKEA

Асобныя цэхі вырабляюць дэталі (для завадных мадэлей) нават для швейцарскіх гадзіннікавых прадпрыемстваў.

Ужо хутка завод пачне вырабляць прадукцыю для сусветна вядомай сеткі крамаў IKEA. Поўны асартымент пакуль не раскрываюць, але кажуць, што гэта будуць як мінімум будзільнікі ды некаторыя мадэлі вялікіх гадзіннікаў.

Некаторыя калекцыі гадзіннікаў “Луч” ствараюцца з вядомымі брэндамі ці дызайнерамі. Апроч таго, цяпер кожны чалавек або прадпрыемства можа стварыць уласную калекцыю праз канструктар на сайце “Луча”.

Смарт-гадзіннікі за 200-300 долараў

На прадпрыемстве зараз працуюць над смарт-гадзіннікамі. У прыватнай размове адзін з распрацоўшчыкаў прызнаўся, што праца над мадэлямі, якія можна будзе звязаць са смартфонамі, актыўна ідзе ўжо некалькі месяцаў. Першы працоўны прататып распрацоўшчыкі атрымаюць ужо вясной. Гэта будзе не электронны, а паў-механічны прататып: мадэль будзе з механічнымі стрэлкамі, але, напрыклад, будзе вібраваць пры атрыманні паведамленняў, а таксама зможа сачыць за здароўем свайго ўладальніка.

“Луч” спадзяецца, што ўжо напрыканцы 2019-га года можна будзе набыць першы беларускі “разумны” гадзіннік. Цэннік пакуль не раскрываюць, але абяцаюць, што кошт не будзе перавышаць прапановы канкурэнтаў, то бок $200-300.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі