Славенія пачала выдаваць беларусам пашпарты замежніка

28/03/2024 - 13:54

Беларус атрымаў першы паршпарт замежніка ў Славеніі / t.me/PEofBelarus

27 сакавіка ў Славеніі выдалі першы пашпарт замежніка беларусу, паведамляюць "Народныя амбасады".

Першым атрымальнікам стаў дзевяцігадовы хлопчык, у якога ў чэрвені 2024 года заканчваўся тэрмін дзеяння беларускага дакумента.

Бацькі дзіцяці расказалі, што ехаць у Беларусь палічылі небяспечным, таму звярнуліся адміністрацыйную адзінку, якая ў адпаведнасці з законам аб замежніках адказвае за выдачу пашпартоў.

"Першапачаткова цяжкасці ўзніклі з-за недасведчанасці супрацоўніка, які накіраваў нас у МЗС. Ведаем, што іншым беларусам адмовілі, бо тэрмін іх беларускага пашпарта яшчэ не скончыўся. Пасля звароту ў МЗС Славеніі мы  атрымалі адказ з інфармацыяй аб працэдуры выдачы пашпарта замежніка, і пасля новага звароту атрымалі цягам тыдня пашпарт на 2 гады", — расказвае маці хлопчыка.

Паводле Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі, у гэтай краіне пражывае больш за 400 беларусаў і беларусак. Бліжэйшыя два гады праблемы з пратэрмінаванымі пашпартамі ўзнікнуць не менш як у 20 нашых суайчыннікаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі