Скандал у TikTok ці званок у ЖКГ? Куды ісці, калі ў горадзе нешта зламалася

15/03/2024 - 12:08

Над горадам / pixabay.com

Куды звяртацца, калі ў двары кепска ўкапаныя арэлі ці стаіць кантэйнер з будаўнічым смеццем, з якога дзеці выцягваюць небяспечныя прадметы і гуляюць з імі? А хто вінаваты, калі дзіця ўжо звалілася з тых арэляў, і каму несці прэтэнзіі? Адкрыты люк і ніхто не звяртае ўвагі — што рабіць?

Непрыемныя, а часам і трагічныя сітуацыі могуць здарыцца з намі дзе заўгодна. Успомніце хлопчыка з Мінска, які памёр пасля таго, як на яго ўпалі футбольныя вароты ў летнім лагеры. Або нядаўні выпадак у Брэсце, дзе зламаўся масленічны слуп, па якім лазілі гараджане падчас святочнага конкурсу.

Калі вы заўважылі, што ў горадзе нешта не так і хочаце прадухіліць бяду, у нас для вас добрая навіна: паходы па ЖКГ, адміністрацыях ці калектыўныя пісьмовыя звароты ўсё яшчэ маюць сэнс. У прынцыпе, як і званкі на гарачую лінію або аператыўныя відэаролікі ў TikTok.

— Прынамсі, так будзе працягвацца да прэзідэнцкіх выбараў, — перакананая дэпутатка Мінгарсавета 28 склікання, экспертка па мясцовым кіраванні і самакіраванні, лідарка ініцыятывы "Гэта наш горад" Вольга Цесакова.

 

Надзвычайнае здарэнне на гарадскім свяце — віна чыноўнікаў

Пасля выпадку на Масленіцы ў Брэсце журналістка Еўрарадыё ад імені звычайнай жыхаркі звярнулася ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі з просьбай растлумачыць, як прыцягнуць да адказнасці людзей, праз безадказнасць якіх могуць пацярпець (ці ўжо пацярпелі) людзі.

— Калі вы бачыце нешта небяспечнае, напрыклад, не закрыты вечкам люк, то можаце адразу патэлефанаваць у дыспетчарскую службу 115, — раяць там. — У залежнасці ад сітуацыі аператар паведаміць пра інцыдэнт куды трэба, і на месца будзе арганізаваны выезд спецыялістаў.

Вольга Цесакова / Еўрарадыё

Як вырашыць праблемы ў сваім горадзе? Парады ад Вольгі Цесаковай

Звяртайцеся ў гарвыканкам ці адміністрацыю раёна

— Калі вы бачыце, што нешта не так, мая рэкамендацыя — адразу ісці ў адміністрацыю раёна ў вялікім горадзе, а калі горад маленькі — у гарвыканкам. Таксама можна адразу пісаць на імя старшыні, і добра, калі гэта будзе менавіта калектыўны зварот. У нас улады вельмі моцна не любяць, калі праблемы прыцягваюць увагу 2+ чалавек.

Таму калі напісаць карэктна, без абразаў, то з улікам таго, што сітуацыя нясе патэнцыйную шкоду і пагрозу здароўю дзяцей і гэтак далей, з гэтым будуць разбірацца вельмі хутка.

Тэлефануйце на жывыя лініі

— Анонсы жывых тэлефонных ліній, падчас якіх можна расказаць пра праблемы ў горадзе, публікуюцца на сайтах і сацыяльных сетках адміністрацый і гарвыканкамаў. Напрыклад, кожную суботу чыноўнікі ў Мінску па некалькі гадзін сядзяць на тэлефонах. Не сакратары, як, напрыклад, у службе "Адно акно", а менавіта старшыні ці іх намеснікі.

Такія акцыі праходзяць кожны тыдзень. Як дэпутатка я прысутнічала на іх і магу дакладна сказаць, што многія пытанні, якія не патрабуюць вялікіх фінансавых выдаткаў, вырашаюцца маментальна. Напрыклад, на маіх вачах рэагавалі на зварот жанчыны, якая паскардзілася на тое, што ў двор завезлі каркас для пясочніцы, але не прывезлі сам пясок.

Намеснік старшыні выканкама, які тады быў на дзяжурстве, патэлефанаваў начальніку мясцовай ЖКГ — праблему вырашылі.

Я сведка — прадуктыўнасць рэакцыі на звароты праз асабісты тэлефонны званок падчас жывых ліній вельмі высокая.

Пішыце петыцыі і прыцягвайце ўвагу журналістаў

— Існуе нарматыў, што пры звароце больш за 30 чалавек чыноўнікі выязджаюць на месца. Я нездарма згадала электаральную кампанію — прыгожая карцінка па рэакцыі была патрэбная ўжо летась. Адпаведна, патрэбы насельніцтва імкнуліся максімальна задавальняць.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі