СК кажа, што выявіў больш за 70 "удзельнікаў тэрарыстычнай арганізацыі Nexta"

14/06/2022 - 09:05

Следчы камітэт працягвае рапартаваць, як расследуе падзеі 2020 года, якія афіцыйна характарызуюцца як "масавыя беспарадкі".  

У каментары БЕЛТА начальнік упраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску Сяргей Паско расказаў, што падрыхтоўка і арганізацыя масавых вулічных пратэстаў вялася з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў. Кіравалі гэтымі інтэрнэт рэсурсамі, па яго словах, "фармаванні".

"У публікацыях змяшчаліся экстрэмісцкія матэрыялы, напоўненыя заклікамі да дзеянняў, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, і супрацьпраўным паводзінам", — кажа следчы.

Паско заяўляе, быццам адно з самых вядомых фармаванняў, цяпер прызнанае "тэрарыстычнай арганізацыяй", стварыла больш за 80 інтэрнэт-рэсурсаў. "Толькі ў траўні бягучага года следчымі сталіцы накіраваныя ў суды іскавыя заявы аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі больш за 55 інтэрнэт-рэсурсаў", — дзеліцца ён рэпрэсіўнай статыстыкай.

Таксама Паско паведамляе, быццам следчыя выявілі больш за 70 "удзельнікаў тэрарыстычнай арганізацыі Nexta". 

"Зусім нядаўна следчым упраўленнем УСК па горадзе Мінску ва ўзаемадзеянні з ГУБАЗіК МУС затрыманыя адміністратары, якія адказвалі за інфармацыйнае ўздзеянне на жыхароў Гомельскай, Віцебскай і Брэсцкай вобласці, а таксама за кансалідацыю на іх тэрыторыі радыкальнага руху. Затрыманыя супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні", — гаворыць ён.

Паско называе шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія могуць інкрымінаваць адмінам пратэсных рэсурсаў. Сярод іх — "тэрарыстычныя" (арт. 130, арт. 290-2, арт. 290-3), што ў сённяшняй Беларусі можа пагражаць смяротным пакараннем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі