Што чакаць ад новых міністраў культуры і інфармацыі?

28/09/2017 - 16:08

28 верасня Аляксандр Лукашэнка прызначае новых міністраў культуры і інфармацыі! Пакуль незразумела, куды падзенуцца былыя, але “маладых” міністраў кіраўнік краіны папярэдзіў, што яны “не маюць права на памылку”.

Новы міністр культуры — Юрый Бондар, рэктар універсітэта культуры. Бондару 44 гады, скончыў юрыдычны факультэт БДУ і Акадэмію упраўлення пры прэзідэнце, дзе абараніў дысертацыю “Тэорыя палітыкі, гісторыя і метадалогія палітычнай навукі”. Ва ўніверсітэце культуры Бондар працаваў з 2001 года — на пасадзе прарэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце, быў выкладчыкам, дацэнтам кафедры культуралогіі і першым прарэктарам.

“Галоўная задача ВНУ у сферы культуры — фарміраванне асобасна-прафесійных кампетэнцый спецыяліста, здольнага абараняць і творча ажыццяўляць палітыку і ідэалогію дзяржавы”, — казаў Бондар-рэктар у 2013 годзе ў інтэрв’ю газеце “Беларуская думка”.

Нагадаю, былога міністра культуры Барыса Святлова таксама прызначалі з пасады рэктара БДУКіМ.

“Бондар працягваў справу Святлова — удасканаліў уваход ва ўніверсітэт па пропусках і сачыў за парадкам у дакументах. Вучэбны і творчы працэс яго мала цікавіў”, — характарызуе ўжо былога рэктара адна з выкладчыц універсітэта. Іншая, наадварот, лічыць, што Бондар быў дастаткова добразычлівым кіраўком ВНУ.

Праўда, на беларускую культуру прызначэнне новага міністра ніяк не паўплывае, мяркуе культуролаг Максім Жбанкоў:

“Ратацыя топ-менеджменту ў нас нічога прынцыпова не вырашае, бо топ-менеджмент не мае нічога агульнага з глыбокім вывучэннем нацыянальнай культуры і разуменнем таго, што і як для яе можа быць карысным, гэта першае. А па-другое, незалежна ад кампетэнцый, абсалютная татальная падпарадкаванасць якіх заўгодна персон у сістэме дзяржаўнага менеджменту робіць іх абсалютна залежнымі. У любым выпадку, цудаў не будзе, бо гэтая сістэма не разлічаная на цуды, і тым больш на эфект. Лепшае, што можа быць — чарговая вышываначная кампанія і дэкаратыўны крок у бок нацыянальнай свядомасці”. 

Новым міністрам інфармацыі стаў 53-гадовы журналіст і пісьменнік Аляксандр Карлюкевіч. Спачатку ён скончыў Львоўскае вышэйшае ваенна-палітэхнічнае вучылішча, пазней — Акадэмію пры прэзідэнце. Узначальваў холдынг “Літаратура і мастацтва”, газету і выдавецкі дом “Звязда”. А потым стаў намеснікам міністра інфармацыі.

“З мінулым міністрам у БАЖа склаліся не вельмі добрыя стасункі. Але тое,  што цяпер міністрам становіцца чалавек, які добра ведае, што такое журналістскі хлеб, дае спадзевы. Маем надзею, што зможам абмеркаваць з міністрам шэраг пытанняў, і нас пачуюць”, — кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Карлюкевіч не раз выказваўся за пашырэнне ўплыву беларускай мовы ў грамадстве і медыя. На яго думку, журналістыка мусіць быць скіраваная на… спакой:

“Мне б хацелася, каб беларуская журналістыка і далей была крыху больш цяплейшай, цнатлівай. Гэта будзе спрыяць кансалідацыі грамадства”, — гэтыя словы Карлюкевіча вельмі падобныя да пазіцыі былога міністра Лілія Ананіч.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі