Чытаць болей: Пасля атакі "Кіберпартызанаў" на "Гродна Азоце" забараняюць смартфоны
Юрыст Міхаіл Кірылюк, адказны за пытанні юстыцыі ў Народным антыкрызісным ўпраўленні, таксама лічыць, што пытанне з уцечкай дадзеных і пошукам вінаватых не такое простае.
“У нармальнай прававой сістэме гэтае пытанне павінен разглядаць суд, а да яго цяпер ёсць відавочнае падзенне даверу за апошнія чатыры гады. Гэта адлюстроўваецца ў міжнародных рэйтынгах, у якіх беларускі суд знаходзіцца трэцім з канца сярод больш чым 150 юрысдыкцый”.
І гэта, па словах Кірылюка, замінае беларусам дакапацца да ісціны, каб высветліць, ці зрабіла кампанія ўсё неабходнае, каб абараніць дадзеныя людзей.
“Мы не ведаем. Пытанне тут павінны задаваць Следчы камітэт, пракуратура ў межах расследвання, бо крадзеж інфармацыі — крымінальная справа. А праз недавер да органаў разлічваць на гэта не выпадае”.
Па змоўчанні ў людзей дамова з кампаніяй на аказанне паслуг і захоўванне іх інфармацыі, таму падаваць пазоў у суд можна.
“Для гэтага ёсць слушныя падставы. Ці будзе ён задаволены і ў якім памеры, можна будзе зразумець толькі праз судовы працэс, падчас якога агучаць доказы матэрыяльнай ці маральнай шкоды. Але вопыт падказвае мне, што няхутка мы такі працэс пабачым. Я не памятаю паспяховых спраў у гэтай сітуацыі, калі б з кампаніі спаганялі штраф за такую шкоду”, — рассказвае юрыст.
Як абараніць свае дадзеныя
Спецыялісты “Кібербаброў” далі парады, што варта зрабіць на будучыню, каб абараніць свае дадзеныя, размешчаныя на розных анлайн-сэрвісах.
У выпадку зліву важна падзяляць, якія менавіта дадзеныя згубіліся. Калі персанальныя (імя, прозвішча, адрас, нумар пашпарта і г.д.), тады лепш звярнуцца да юрыстаў і напісаць скаргу. Калі лічбавыя (паролі, лагіны), тады адразу памяняйце паролі і праверце актыўныя сесіі ў сэрвісах. А потым таксама напішыце скаргу.
Пры выкарыстанні сэрвісаў, якія просяць вашыя дадзеныя, прытрымлівайцеся алгарытму:
- Дзе магчыма, выкарыстоўвайце нікнэйм, а не сваё сапраўднае імя;
- Не пішыце свой сапраўдны адрас;
- Завядзіце асобны адрас электроннай пошты для рассылак і ўразлівых сэрвісаў. Не так страшна, калі яго сальюць;
- Пакідайце мінімум асабістай інфармацыі, неабходнай для апрацоўкі. Будзьце ўважлівыя: часам поўнае імя і электронны адрас непатрэбныя;
- Стаўце двухфактарку на ўсе сэрвісы, дзе ёсць такая магчымасць.