Рэпрэсіі ў Беларусі для выхаду з ізаляцыі ігнараваць не атрымаецца. Меркаванне

08/03/2026 - 16:08

Прыйдуць за ўсімі? / LookByMedia

Кошт выхаду рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з міжнароднай ізаляцыі будзе высокім. Цаной за гэта павінна стаць спыненне рэпрэсій у Беларусі, лічыць удзельніца Кааліцыі за вызваленне палітвязняў Настасся Касцюгова.

На гэтую тэму, а таксама пра інтарэсы ЗША і ролю Еўропы, яна разважала ў эфіры Еўрарадыё.

"У Злучаных Штатаў, на маё глыбокае перакананне, няма такога прыярытэту, звязанага з рэпрэсіямі. У іх ёсць прыярытэт вызваліць людзей, палітычных зняволеных. А пад палітычнымі зняволенымі, хутчэй за ўсё, маюцца на ўвазе людзі, якія знаходзяцца ў спісе “Вясны”, то-бок прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Усё, што ідзе далей — рэпрэсіі, не рэпрэсіі — гэта ўжо не з’яўляецца прыярытэтам канкрэтна гэтай працы ЗША. Падабаецца нам гэта ці не, але я не думаю, што Злучаныя Штаты будуць гэтым займацца", — упэўненая спікерка.

Што атрымлівае Аляксандр Лукашэнка ад ЗША і чаму ключы ў знешні свет для яго ляжаць усё ж у Еўропе?

"Калі Беларусь і Мінск хочуць выйсці з ізаляцыі, гэта ў першую чаргу мае на ўвазе Еўрапейскі Саюз. І самыя балючыя санкцыі наклаў Еўрапейскі Саюз. Нават лагістычная неабходнасць выхаду з ізаляцыі звязана ў першую чаргу з Еўрапейскім Саюзам, а не з ЗША. ЗША знаходзяцца далёка. ЗША дае добры эфект у плане статусу. Гэта магчымасць вяртання сабе нейкага сімвалічнага і палітычнага капіталу. І тым не менш Еўрапейскі Саюз у гэтым ураўненні ўсё роўна патрэбней.

Калі хочацца выйсці з ізаляцыі па-сапраўднаму, гэта значыць, што краіны Еўрасаюза павінны быць уключаныя ў гэты працэс, і давядзецца спыняць рэпрэсіі. Так заўсёды было. Гэтым разам ніякіх новых умоў не будзе кшталту “добра, не спыняйце рэпрэсіі, але мы ўсё роўна будзем з вамі гандляваць”. Такога не будзе. Гэта даволі адкрытая пазіцыя Еўрапейскага Саюза", — падкрэслівае Касцюгова.

Працэс змяншэння рэпрэсій будзе паступовым, лічыць спікерка. Яна заклікае не спадзявацца на аднамомантнае спыненне гэтага працэсу.

"На што пазітыўна можа паўплываць Еўрасаюз — гэта сапраўды змяншэнне рэпрэсій. Але яно таксама будзе, на жаль, паступовым. Таму што гэта легалізаваныя рэпрэсіі: больш за пяцьдзясят адзін закон прыняты, якія робяць гэтыя рэпрэсіі законнымі. Адпаведна, гэтак жа паступова давядзецца гэта змяняць, як і з палітычнымі зняволенымі.

Мы хацелі, каб зняволеных выпусцілі без умоў і адразу ўсіх. Гэта ўжо не адбылося. Яны выходзяць умоўна і не ўсе. І гэта адбываецца паступова. З рэпрэсіямі, мяркую, будзе тое ж самае", — сцвярджае Касцюгова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі