Ребус Нелишних: беларуская музыка — якая напісана ў Беларусі, незалежна ад мовы

23/09/2016 - 12:48

Музыкі мінскага фанк-гурта “Ребус Нелишних” завіталі ў студыю Еўрарадыё роўна праз тры гады пасля абяцання ў нашым эфіры выдаць альбом. Тады музыкі прэзентавалі сінгл, якім адзначалі пераход з акустычнага на электрычнае гучанне і вяртанне пасля пяцігадовай паўзы. Вакаліст Вілен Клімкін, басіст Ян Саладуха і бубнач Аляксандр Супрановіч стрымалі абяцанне, няхай і з моцным спазненнем. Удзельнікі “Ребус Нелишних” распавядаюць пра сваё стаўленне да музыкі, працэс стварэння альбома “Скібідубап”, яго прэзентацыю і планы на наступны дыск.

Еўрарадыё: Мы з вамі сустракаліся роўна тры гады таму, калі вы прэзентавалі сінгл і казалі пра падрыхтоўку дэбютнага альбома. Дзе вы былі ўвесь гэты час?

Вілен Клімкін: Увесь час мы спрабавалі размарозіць гэты праект, і вось нарэшце атрымалася. А калі шчыра, то мы пісалі альбом. Ён атрымаўся такой анталогіяй песень за апошнія нават не тры, а гадоў так пяць. У выніку можна сказаць, што дэбютны альбом мы пісалі па макулінках усе пяць гадоў.

Ян Саладуха: Апроч таго, што рабілі гэтую “анталогію”, мы яшчэ і раздзяўбайнічалі дай божа. Хтосьці нараджаў дзяцей, хтосьці заводзіў сабак, хтосьці мяняў працу… А, як вядома, у нашым непрафесійным музычным асяроддзі даволі складана зрабіць нешта хутка, добра і на музычную тэму. Бо ў кожнага ёсць куча сваіх справаў — праца, падпрацоўка… І музыка — гэта хутчэй хобі, няхай і цікавае, але не асноўная справа ў жыцці. Таму пісалі доўга, стараліся зрабіць цікава і добра. Так яно і атрымалася. Да таго ж, у нас былі пэўныя пературбацыі са складам. Хтосьці прыйшоў, хтосьці сышоў, доўга шукалі, потым знайшлі і зноў згубілі… Але ў выніку нарэшце мы прыйшлі да вас у студыю з абяцаным гатовым прадуктам.

Еўрарадыё: То бок усё ж для вас гэта хобі, ёсць час займаемся, няма часу — не! Дык а ці варта было ў такой гаротнай сітуацыі з беларускім шоў-бізам увогуле працягваць?

Вілен Клімкін: Ну, у 30 гадоў ужо пазнавата, напэўна, рваць на сабе кашулю і крычаць: “Кідаем усё, едзем у вялікі тур, звальняемся з працы, будзем зарабляць толькі музыкай”. Калі б мы стрэлілі гадоў сем таму, то можна было перагледзець сваё стаўленне. А другі момант у тым, што гэта вельмі дарагое хобі. Каб у нашых беларускіх рэаліях якасна запісаць альбом, трэба нямала грошай у яго ўкласці. Таму паўза была ў тым ліку звязаная і з гэтым, бо іншых сродкаў, як краўдфаўндынг, мецэнацтва, мы пакуль не асвоілі.

Ян Саладуха: Я для сябе вывеў дакладную формулу. Справа ў тым, што лавіць кайф ад музыкі пры тым, што ты ёй займаешся прафесійна, даволі няпростая задача. Трэба быць літаральна сатканым, пранізаным нотамі, калі табе ўсё роўна, бо ты геній. Калі ў цябе дзірка ў кішэні, але ты шчаслівы, бо ў тваёй галаве ўвесь час гучыць музыка. У маім жа выпадку, я магу сабе дазволіць граць толькі тое і роўна столькі гадзінаў на тыдзень, колькі я жадаю. Астатні час я аддаю на справы, якія мне прыносяць стабільны даход.

Еўрарадыё: А калі раптам ваш дэбютнік выбухне, перавядзяце хобі ў разрад асноўнай працы?

Вілен Клімкін: Мы гэтай тэмы крыху баімся, але, насамрэч, спадзяемся, што ён выбухне. Як мінімум, храновай рэцэнзіяй ад Змітра Безкаравайнага гэтая справа не абмяжуецца, і яна атрымае больш шырокі выхлап у аўдыторыі.

Ян Саладуха: Калі Зміцер Безкаравайны раптам убачыць гэтую размову, то хачу адзначыць, што мы б хацелі атрымаць усё ж больш-менш станоўчы водгук, хоць бы на 4 з мінусам па дзесяцібальнай сістэме (смяюцца).

Аляксандр Супрановіч: Але лепш няхай будзе аб’ектыўным.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі