Re1ikt зняў кліп "Пра чорныя вочы" аб прывідах беларускай літаратуры

17/10/2017 - 09:53

Гурт Re1ikt прадставіў кліп на песню "Пра чорныя вочы". Трэк складзены паводле апавядання расстралянага ў 1937 годзе пісьменніка Міхася Зарэцкага і створаны ў межах мастацкага праекта інтэрнэт-партала TuzinFM "НЕрасстраляная паэзія".

У кадры можна ўбачыць унікальныя архіўныя дакументы: старыя фота, выявы кніжных вокладак, даведку аб рэабілітацыі…


"Мы не хацелі рабіць нейкую пастаноўку, здымаць рамантычную гісторыю, а вырашылі прадэманстраваць сведчанні жыцця пісьменнікаў, выкрасленых з памяці людзей: што выдаваліся кнігі, што людзі захапляліся гэтай літаратурай", — кажа бубнач гурта Re1ikt Аляксандр Дземідзенка. 

 

Доўгі час Міхась Зарэцкі, аўтар шэрагу апавяданняў, п’ес, аповесці "Голы звер", раманаў "Сцежкі-дарожкі" і "Вязьмо", заставаўся сапраўдным літаратурным прывідам. Многія рукапісы Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма "Рагнеда" і працяг рамана "Крывічы". З гэтай прычыны музыкам нават прыйшлося звяртацца ў архіў, каб знайсці хоць нейкія матэрыялы. Між тым, у 20-я гады мінулага стагоддзя Зарэцкі быў літаратурнай зоркай: яго творы карысталіся вялікім попытам, а вострыя выступы ў прэсе жыва абмяркоўваліся.


Канцэртная прэзентацыя праекта "НЕрасстраляная паэзія", у якім разам з Re1ikt удзельнічаюць гурты Vuraj, TonqiXod, Dzieciuki, Akute, Naka, а таксама Vinsent, Кацярына Ваданосава, Зміцер Вайцюшкевіч, Павел Аракелян, Лявон Вольскі, адбудзецца ў сталічным клубе "Бруге" 29 кастрычніка.

 

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі