Раварысту, які збіў пешахода бітай, выставілі абвінавачванне

30/06/2016 - 08:54

Упраўленне Следчага камітэта па Мінску працягвае расследаванне крымінальнай справы раварыста, які збіў на веладарожцы падлетка бітай. Як распавядала Еўрарадыё, пацярпелы 17-гадовы Васіль Дземідовіч апынуўся ў лякарні з чэрапна-мазгавой траўмай.

Сваякі і сябры раварыста паведамілі, што хлопец цяпер знаходзіцца пад вартай. Як паведамляе БЕЛТА, яму выставілі абвінавачанне ў асабліва злосным хуліганстве.

Абвінавачаны — 30-гадовы мінчук, індывідуальны прадпрымальнік. Ён гітарыст мінскага метал-гурта. Раней у поле зроку міліцыі ён не трапляў. Як распавёў сам мужчына, пасля здарэння ён распілаваў біту і выкінуў.

Здарэнне адбылося 19 чэрвеня на веладарожцы на вуліцы Прытыцкага ў сталіцы. Малады фатограф ішоў па веладарожцы і своечасова не саступіў яе раварысту. Той урэзаўся ў хлопца і зваліўся. Потым ён дастаў з заплечніка біту і стукнуў хлопца па галаве. Пасля гэтага раварыст з'ехаў з месца злачынства.

Затрымалі яго 23 чэрвеня. Мяркуецца, што знайсці зламысніка дапамагла фатаграфія, якую зрабіў на месцы здарэння адзін з мінакоў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі