Расійскі міністр культуры папрасіў беларускага калегу абараніць рускую мову

12/04/2019 - 13:23

Міністр культуры Расіі Уладзімір Мядзінскі папрасіў беларускага калегу абараніць рускую мову ў нашай краіне. Гаворка пра гэта зайшла на сумесным пасяджэнні калегій міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі ў Маскве, перадае ТАСС.

Мядзінскі заявіў, што ў СМІ апошнім часам "з'яўляецца інфармацыя аб тым, што руская мова знікае з шыльдаў, на спартыўных мерапрыемствах шыльды на англійскай і беларускай". Ён папрасіў Юрыя Бондара, каб руская мова як "найважнейшая частка культурнага гуманітарнага супрацоўніцтва" апынулася ў фокусе Міністэрства культуры Беларусі. Ён дадаў, што пытанне мовы — гэта тое, што аб'ядноўвае абедзве краіны і з'яўляецца велізарнай сумеснай працай.

У адказ Юрый Бондар патлумачыў, што рускай мове ў Беларусі нічога не пагражае. Ён патлумачыў, што дзяржаўныя праграмы па папулярызацыі беларускай мовы выкліканыя тым, што большасць насельніцтва выхаваная па-руску. "Наадварот, мы сёння думаем над дзяржаўнымі праграмамі па папулярызацыі беларускай мовы. Пераважная большасць насельніцтва Беларусі размаўляе на рускай мове, выхаваная на высокіх ідэалах рускай літаратуры <...> Я не магу ўявіць такой сітуацыі, калі руская мова будзе чужой для беларускага народа і Беларусі", — дадаў беларускі міністр.

Больш важных падзей тыдня ў выніковай праграме ЕЎРАЗУМ:

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі