Расіянку завочна асудзілі за заклік пісаць лісты беларускім рэйкавым партызанам

01/10/2024 - 08:21

Марыя Меньшыкава / RFE/RL

Да сямі гадоў пазбаўлення волі завочна асуджаная рэдактарка расійскага выдання Doxa Марыя Меньшыкава, піша медыяпраект "Сеткавыя свабоды".

Такі прысуд ёй вынеслі за заклікі пісаць лісты палітвязням, у тым ліку беларускім "рэйкавым партызанам". За допісы ў сацсетках дзяўчыну прызналі вінаватай у "акце тэрарызму" (ч. 2 арт. 205 КК РФ).

Падставай для пераследу сталі два допісы ў сацсетцы "Вконтакте", якія з'явіліся ўлетку 2022 года. У адным з іх Меньшыкава заклікала пісаць лісты расіянам Дзянісу Сердзюкову, Іллі Фарберу і Дзмітрыю Ляміну, асуджаным за падпал ваенкаматаў. У другім допісе расіянка заклікала дасылаць лісты беларускім палітвязням Дзянісу Дзікуну, Дзмітрыю Равічу і Алегу Малчанаву: яны асуджаныя паводле справы светлагорскіх "рэйкавых партызан".

За кожную з публікацый Меньшыкавай прызначылі па тры з паловай гады пазбаўлення волі.Сама журналістка перабывае па-за межамі Расіі.

Светлагорскіх актывістаў Дзікуна, Равіча і Малчанава асудзілі за падпал рэлейнай шафы на чыгунцы, здзейснены напрыканцы лютага 2022 года. Ім прысудзілі вялізныя тэрміны: Дзікуну — 23 гады, Равічу — 22 гады, Малчанаву — 21 год зняволення. У сакавіку 2024-га Дзікуну дадалі яшчэ два гады, абвінаваціўшы ў злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі