Пажар у Харкаве
Расіяне мінулай ноччу запусцілі па тэрыторыі Украіны 40 дронаў, 24 з іх украінскія вайскоўцы збілі. Пра гэта гаворыцца ў зводцы УСУ. Збілі таксама і адну кіраваную авіяцыйную ракету Х-59, якую расіяне запусцілі на поўдні краіны.
Гэтая атака была досыць магутнай, вораг запускаў паветраныя цэлі з розных кірункаў, піша Hromadske са спасылкай на прэс-сакратарку аператыўнага камандавання "Поўдзень" Наталлю Гумянюк. Былі трапленні ў Адэскай вобласці. Там, са слоў Гумянюк, пацярпела тэрыторыя інфраструктурнага аб'екта. Разбурэнні не крытычныя і пацярпелых няма.
Складаней сітуацыя ў Харкаве і Харкаўскім раёне. Тут у выніку расійскай атакі адбыліся пяць пажараў. Пашкоджаныя 8 жылых дамоў, 4 аўтамабілі, у тым ліку два паліцэйскія, гаспадарчае збудаванне і гараж. На тэрыторыі аднаго з каледжаў часткова разбураны трохпавярховы будынак. Гарэў таксама швейны цэх, які ўжо не выкарыстоўваўся.
"Існавала пагроза распаўсюджвання полымя на іншыя будынкі. Пажар лакалізаваны, працягваецца ліквідацыя. Па папярэдніх дадзеных, пацярпелых няма", — казалі ноччу ў Дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях Украіны.
У Івана-Франкоўскай вобласці раніцай таксама гарэў інтэрнат — на будынак упалі абломкі беспілотніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут