Расія скарачае транзіт нафты па "Дружбе" / Reuters
У ліпені Расія пераразмяркуе пастаўкі нафты маркі Urals у Еўрасаюз. Гэта вымушаная мера. У рамках дамоўленасцяў з АПЕК+ здабыча нафты скарачаецца, і расійскія пастаўшчыкі адчуваюць складанасці з выкананнем доўгатэрміновых кантрактаў па іншых напрамках.
Сёння расійская нафта цячэ ў ЕС па дзвюх ветках нафтаправода "Дружба". Замест чэрвеньскіх 2 млн 850 тысяч тон у Польшчу і Германію па паўночнай ветцы будзе прапампавана 2 млн 500 тысяч тон. Прыблізна на такую ж велічыню вырасце транзіт па паўднёвай ветцы — за кошт аднаўлення паставак у Чэхію. Як гэта адаб'ецца на Беларусі?
Расійскі эканаміст, аналітык нафтагазавага сектара, партнёр Rusenergy Міхаіл Круціхін мяркуе, што ў сітуацыі памяншэння здабычы расійскія пастаўшчыкі будуць прадаваць нафту там, дзе цэны вышэйшыя:
"На мінулым тыдні цана расійскай маркі Urals была на 2 долары 40 цэнтаў вышэйшая, чым цана Dated Brent. Яны дзесьці ў Еўропе атрымліваюць прэмію да цаны сваёй нафты. Я не выключаю, што такім чынам яны будуць старацца пастаўляць менш беларускім НПЗ, дзе ім такую цану не атрымаць. А больш [будуць пастаўляць] транзітам кудысьці ў Еўропу далей, дзе цана вышэйшая.
Расія па дамоўленасці з АПЕК+ скараціла здабычу і ў прынцыпе будзе не моцна павялічваць яе і ў жніўні, і гэта можа і далей працягвацца. Вядома, гэта павінна паўплываць на Беларусь. Паколькі расійскім кампаніям трэба рэалізоўваць паменшаныя аб'ёмы нафты выгадна, яны будуць старацца іх прадаваць там, дзе цэны вышэйшыя".
Паралельна скарачэнню паставак па паўночнай ветцы "Дружбы" вырастуць пастаўкі "Раснафты" і "Татнафты" па паўднёвай ветцы. Расійскія пастаўшчыкі аднаўляюць экспарт у Чэхію. Адгрузкі ў гэту краіну запланаваны на ўзроўні 350 тысяч тон у месяц.
За транзіт 1 тоны нафты па паўночным маршруце "Унеча — Адамава Застава" ў бок Польшчы і Германіі наша краіна атрымлівае $5, або каля 356 расійскіх рублёў (без ПДВ). Транзіт 1 тоны нафты па больш кароткай паўднёвай ветцы "Унеча — Броды" ў бок Украіны каштуе да 156 расійскіх рублёў (без ПДВ).
Атрымліваецца, што за 350 тысяч тон па паўночным маршруце нафтаправода "Дружба" Беларусь атрымала б каля 1 млн 780 тысяч долараў, і гэта без ПДВ. А па паўднёвым маршруце за тую ж колькасць транзітнай нафты Беларусь атрымае толькі каля 780 тысяч долараў. Розніца складзе каля $1 млн.
У канцэрне "Белнафтахім" упэўненыя, што абмежаванні па здабычы нафты ў рамках пакта АПЕК+ не закрануць Беларусь:
"Пакуль нічога такога, што б неяк паўплывала на пастаўкі нафты ў Беларусь, няма. Я не думаю, што для расійскіх кампаній такія аб'ёмы істотныя, — расказвае Еўрарадыё прэс-сакратар "Белнафтахіма" Аляксандр Цішчанка. — Мне здаецца, што 350 тысяч тон — не адчувальная лічба. Я б сказаў, што ў гэтым выпадку — хібнасць. Яны толькі ў Беларусь у гэтым месяцы паўтара мільёна тон паставяць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.