Расія можа на гэтым тыдні забараніць увоз ялавічыны з Мінскай вобласці

30/01/2017 - 13:49

На гэтым тыдні Рассельгаснагляд можа забараніць пастаўкі ялавічыны з Мінскай вобласці Беларусі, паведамляе "Інтэрфакс". Расійскае ведамства падазрае, што беларускія прадпрыемствы займаюцца рээкспартам у Расію забароненай ялавічыны з Украіны.

Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт заявіў, што ў панядзелак-аўторак пройдуць перамовы з беларускімі калегамі. Калі вынікі гэтых перамоваў расіян не задаволяць, то забарона будзе ўведзеная на гэтым тыдні. Беларускі бок на перамовах будуць прадстаўляць намеснік міністра сельскай гаспадаркі — дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Беларусі Аляксандр Субоцін і галоўны ветлекар Мінскай вобласці.

Забарона, па словах Данкверта, будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль беларускі бок не разбярэцца, як украінская ялавічына ішла ў Расію пад выглядам беларускай. "Мы не можам давяраць тым дакументам, якія выдае ветслужба Мінскай вобласці", — заявіў расійскі чыноўнік.

Рассельгаснагляд падазрае ў пастаўках украінскай ялавічыны прадпрыемствы "Георгій і сыны" і "Тэраміт". Экспарт з іх у Расію цяпер забаронены.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі