Прыватным садкам і школам могуць забараніць выкарыстоўваць гэтыя словы ў назве

24/08/2021 - 10:07
Беларусь можа застацца без прыватных дзіцячых садкоў і школ / pixabay.com фота мае ілюстрацыйны характар

У новым кодэксе аб адукацыі будзе норма, якая забароніць прыватным арганізацыям, якія аказваюць адукацыйныя паслугі, выкарыстоўваць у сваёй назве словы "дзіцячы сад", "школа", "гімназія", "акадэмія", "універсітэт". Пра гэта заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас пленарнага пасяджэння Рэспубліканскага педагагічнага савета, паведамляе БЕЛТА.

Ён нагадаў, што ў цяперашні час для адкрыцця дзіцячага садка або прыватнай школы не патрэбна ліцэнзія.

"Дастаткова толькі падаць заяву, прынесці статут і дакумент аб выплаце дзяржпошліны. Але праблема нават не ў гэтым", — працягваў Карпенка. Прыватныя ўстановы адукацыі, на яго думку, вядуць "да сацыяльнага расслаення насельніцтва, выбудоўвання каналаў знешняга негатыўнага ўплыву на сістэму адукацыі, дзяцей і бацькоў".

Міністр адукацыі лічыць, што прыватныя дзіцячыя сады і школы "пад шыльдай індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадскіх ці рэлігійных аб'яднанняў у большасці выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, станавіліся апорнымі кропкамі для каляровай рэвалюцыі".

Забарона на выкарыстанне ў назвах слоў "дзіцячы сад" і "школа" для прыватнікаў, у якіх няма ліцэнзіі, будзе прапісаны і ў законе "Аб ліцэнзаванні", сказаў Карпенка. У бліжэйшы час гэты законапраект будзе ўнесены ў парламент.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў і пратэстаў улада звярнула пільную ўвагу і на прыватныя школы. Узімку прадстаўнікі адразу некалькіх недзяржаўных структур, якія аказваюць адукацыйныя паслугі, распавядалі аб пазапланавых праверках.

Чаму прыватныя школы не выжывуць пасля прыняцця закона "Аб ліцэнзаванні", які анансаваў Карпенку, яшчэ ў лютым Еўрарадыё расказваў кіраўнік адукацыйнага цэнтра "100 балаў" Яўген Лівянт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі