Праваслаўная царква: можа, у Курапатах будзе нейкая рэканструкцыя?

04/04/2019 - 09:56

Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін распавёў Еўрарадыё, што ўжо ведае пра сітуацыю са зносам крыжоў у Курапатах. Ён спадзяецца, што гэта не знішчэнне помніка культуры дзяля павелічэння тэрыторыі рэстарацый каля ўрочышча:

“Мы таксама ўсхваляваныя тым, что атрыміваецца з гэтым помнікам культуры. Мы не ведаем, што там адбываецца, чаму яно так выходзіць. Трэба было б атрымаць нейкае тлумачэнне ад міністэрства культуры. Яно павінна ведаць, што адбываецца на помніках культуры. Спадзяемся, што размова не ідзе пра знішчэнне помніка культуры і павелічэнне тэрыторыі рэстарацый усялякіх.

Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Можа, справа ідзе пра якую-небудзь рэканструкцыю, пра ўдасканаленне гэтага помніка культуры. А раптам яны ўсталююць больш прыгожыя крыжы? Я не ведаю. Пакуль няма ніякіх афіцыйных растлумачванняў. І мне застаецца толькі выказаць сваю заклапочаннасць і заклікаць усіх да малітваў”.

Сяргей Лепін лічыць, што да асвячоных і законна ўсталяваных крыжоў павінны адносіцца з большай павагай, а не бурыць трактарамі:

“Мы ўвогуле лічым, што законна ўсталяваныя крыжы, тым больш асвячоныя па абрадах праваслаўнай царквы, маюць нейкі недатыкальны статус. І павінны неяк ахоўвацца. І да іх павінны адносіцца з большай павагай, а не бурыць трактарамі. Але давайце дачакаемся тлумачэнняў міністэрства культуры ці тых, хто гэта робіць”.

Курапаты — месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Дакладная колькасць пахаваных тут ахвяраў невядомая.

Некалькі месяцаў таму актывісты пачалі пратэсты супраць рэстарана "Поедем поедим", які адчыніўся недалёка ад Курапатаў. З ініцыятывы Змітра Дашкевіча былі пастаўленыя новыя крыжы насупраць забаўляльнай установы. Цяпер гэтыя крыжы зносяць. Актывісты спрабавалі спыніць працы, аднак былі затрыманыя. Сярод іх Зміцер Дашкевіч і Павел Севярынец.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі