Прапанаваў Бараку Абаму выйсці за яго замуж: 10 фактаў пра Роберта Мугабэ

06/09/2019 - 13:14
Роберт Мугабэ. Фото: Reuters

6 верасня не стала былога прэзідэнта Зімбабвэ Роберта Мугабэ. Ён памёр у бальніцы ў Сінгапуры, дзе праходзіў курс лячэння. Яму было 95 гадоў.

Мы сабралі 10 фактаў пра Роберта Мугабэ, аднаго з кіраўнікоў сучаснасці, якія правілі даўжэй за ўсё:

1. Сядзеў у турме

Палітычная кар'ера пачалася ў перыяд нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Мугабэ быў членам Саюза афрыканскага народа Зімбабвэ (ЗАПУ), потым стаў адным з заснавальнікаў Афрыканскага нацыянальнага саюза Зімбабвэ (ЗАНУ) і ў 1963 годзе стаў генеральным сакратаром гэтай партыі. У 1964 годзе ён быў арыштаваны і дзесяць гадоў правёў у зняволенні без суда.

2. Прыйшоў да ўлады дэмакратычным шляхам

У 1980 годзе пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў Паўднёвай Радэзіі (назва Зімбабвэ да 1980 года) і раззбраення партызанаў былі праведзены вольныя выбары. Перамагла партыя ЗАНУ, якую ўзначальваў Мугабэ, набраўшы 63% галасоў. Зімбабвэ была абвешчана незалежнай дзяржавай, а Роберт Мугабэ ўзначаліў новы ўрад у якасці прэм'ер-міністра.

3. Змяніў канстытуцыю

У 1987 годзе ўнёс змены ў канстытуцыю Зімбабвэ. У выніку пост прэм'ер-міністра быў скасаваны і Роберт Мугабэ стаў прэзідэнтам краіны.

4. "Чорны перадзел"

У пачатку 2000-х ажыццявіў так званы чорны перадзел. Падставай да яго сталі маёмасныя патрабаванні Зімбабвійскай асацыяцыі ветэранаў нацыянальна-вызваленчай вайны да белых фермераў. У апошніх былі канфіскаваны зямельныя ўчасткі агульнай плошчай 5 мільёнаў гектараў, іх аддалі былым партызанам. У 2002 годзе Мугабэ выгнаў з Зімбабвэ 4 тысячы белых фермераў, якія працягвалі працаваць. У выніку краіна перажыла рэзкае падзенне сельскагаспадарчых паказчыкаў.

5. Пакінуў без дома мільёны чалавек

У 2005 годзе абвясціў кампанію па ліквідацыі трушчоб. У першы год праз знос старых будынкаў без прытулку засталіся 200 тысяч чалавек, а ў 2007 годзе колькасць бяздомных павялічылася да 2,5 мільёна (насельніцтва Зімбабвэ тады складала 13 мільёнаў чалавек). Кампанію спынілі пасля ўмяшання ААН.

6. Гіперінфляцыя

100 трыльёнаў зімбабвійскіх долараў. Фота: Reuters

У 2009 годзе грашовым сродкам у Зімбабвэ сталі долары ЗША, а разменнымі манетамі — рэнды ПАР. Адбылося гэта пасля таго, як краіна перажыла нябачаную гіперінфляцыю — 4 000 000 000%! У абарот увайшлі купюры ў 100 трыльёнаў зімбабвійскіх долараў. Цяпер старую нацыянальную валюту прадаюць турыстам у якасці сувеніра.

7. Абвінавачваўся ў фальсіфікацыі выбараў

Сусветная супольнасць неаднаразова абвінавачвала Мугабэ ў фальсіфікацыі выбараў. У 2013 годзе ён пяты раз уступіў на пасаду прэзідэнта. Прэтэнзіі апазіцыі пракаментаваў наступным чынам:

"Тыя, хто прайграў выбары, могуць пайсці і павесіцца, калі жадаюць. Нават калі яны здохнуць, ні адна сабака не захоча абнюхаць іх трупы".

8. Прапанаваў Бараку Абаму выйсці за яго замуж

Мугабэ вядомы сваёй гамафобнай пазіцыяй. У Зімбабвэ аднаполыя сувязі пераследуюцца па законе.

У 2015 годзе пасля легалізацыі гей-шлюбаў у ЗША Мугабэ іранічна прапанаваў Бараку Абаму выйсці за яго замуж:

"Раз прэзідэнт Абама падтрымлівае аднаполыя шлюбы і абараняе гомасексуалістаў, я гатовы, калі гэта будзе неабходна, паехаць у Вашынгтон, апусціцца на калена і папрасіць яго рукі".

9. Рэкорд сярод пажылых кіраўнікоў

Быў самым пажылым дзейным кіраўніком дзяржавы на планеце. У ліпені 2017 года 93-гадовы кіраўнік дзяржавы, выступаючы перад сваімі прыхільнікамі, заявіў, што не збіраецца пакідаць сваю пасаду. Мугабэ растлумачыў, што не ведае таго, хто б мог яго замяніць.

Аднак у лістападзе адбыўся дзяржаўны пераварот. Роберт Мугабэ адхіліў Эмерсана Мнангагву ад пасады першага віцэ-прэзідэнта. У адказ на гэта 15 лістапада 2017 года ваенныя ўсталявалі кантроль над сталіцай, змясцілі Мугабэ і яго сям'ю пад хатні арышт і праз тыдзень прымусілі яго да датэрміновага складання паўнамоцтваў.

Мугабэ кіраваў Зімбабвэ ўвогуле 37 гадоў (7 гадоў у якасці прэм'ер-міністра і 30 гадоў на пасадзе прэзідэнта).

10. Сябраваў з Аляксандрам Лукашэнкам

 

Нябожчык прэзідэнт Зімбабвэ Роберт Мугабэ, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і нябожчык прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес на саміце Руху недалучаных краін у Гаване (2006 год). Фота: Reuters

Рэжым Мугабэ крытыкавалі як у самой Афрыцы, так і за яе межамі. Санкцыі супраць урада Зімбабвэ ўводзілі і ЗША, і ЕС.

Але хіба могуць заходнія санкцыі негатыўна адбіцца на сімпатыі Аляксандра Лукашэнкі? Беларускі кіраўнік дзяржавы традыцыйна віншаваў свайго паўднёваафрыканскага калегу і народ Зімбабвэ з Днём незалежнасці. Лідары таксама перасякаліся на многіх афіцыйных цырымоніях.

Аднак тавараабарот Беларусі з адной з самых бедных краін свету быў невялікі. З 2010-га Беларусь штогод купляла тытунь і апельсіны на суму ад 2 да 5 мільёнаў долараў, а вось у афрыканскую рэспубліку мы адпраўлялі тэхніку. Паводле інфармацыі Белстата, самая буйная пастаўка беларускіх бульдозераў і самазвалаў — у 2017 годзе на суму амаль 19 мільёнаў долараў.

    

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі