Прапаганда сцвярджае, што за навучанне ў "Кадравым рэзерве" затрыманы 15 чалавек

15/02/2024 - 05:42

Людзі, якія, паводле слоў прапагандыстаў, былі затрыманы за навучанне па праграме "Кадравы рэзерв для новай Беларусі" / @viasna96

У Беларусі затрыманы сама меней 15 чалавек, якія праходзілі навучанне па праграме "Кадравы рэзерв для новай Беларусі". Аб гэтым заявіў прапагандыст Ігар Тур у эфіры тэлеканала АНТ. Паводле яго слоў, з самага пачатку працы праграмы ў навучальных зум-канферэнцыях бралі ўдзел супрацоўнікі КДБ.

Тур паказаў у эфіры ўрывак запісу першай сустрэчы, якая адбылася ў зум 4 красавіка 2023 года. Усяго ж, паводле яго слоў, у яго ў распараджэнні 38 гігабайт запісаў анлайн-семінараў. Ён таксама сьцьвярджае, што ўдзельнікаў першага набору вылічыў КДБ. Reform нагадвае, што каардынатар “Кадравага рэзерву” Юрась Губарэвіч яшчэ ў кастрычніку 2023 г. казаў, што ў першым наборы слухачоў праграмы былі супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў. Па ягоных словах, яны маглі запісваць семінары, але не маглі вылічыць іншых удзельнікаў.

Учора пасля з'яўлення анонсу праграмы Тура —  Губарэвіч казаў журналістам, што ў Беларусі знаходзяцца каля 30% удзельнікаў праграмы. Пры гэтым ён запэўніў, што арганізатары навучання прымаюць усе меры, каб сілавікі "не ведалі ні пра каго — усё роўна, у Беларусі ці за мяжой". Губарэвіч таксама нагадаў, што восенню 2023-га ў Telegram быў створаны фэйкавы акаўнт "Кадравага рэзерву", і што людзі, якія кантактавалі праз гэты акаўнт, знаходзяцца ў небяспецы.

Акрамя таго, некалькі тыдняў таму ў Беларусі раптоўна пачаў адкрывацца сайт "Кадравага рэзерву", раней ён быў заблакаваны. Сілавікі маглі вылічыць людзей, якія заходзілі на сайт без VPN, па IP-адрасе. Губарэвіч лічыць, што разблакаваць сайт маглі самі сілавікі.

Нагадаем, 14 лютага стала вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу на прадстаўнікоў ініцыятывы "Кадравы рэзерв для Новай Беларусі". Іх абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання ці ўдзеле ў ім.

Праграма "Кадравы рэзерв для новай Беларусі" з'явілася ў лістападзе 2022 года. Яе запусціў Аб'яднаны пераходны кабінет. Мэта праекта навучанне і падрыхтоўка прафесіяналаў, якія з часам змогуць працаваць на дзяржаўных пасадах і праводзіць рэформы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі